Джым Кэры абвясціў пра завяршэнне акцёрскай кар'еры

Акцёр і комік заявіў, што сыходзіць на пенсію і заканчвае акцёрскую кар'еру. Гэта адбылося падчас інтэрв'ю Access Hollywood, і журналістка не адразу зразумела, ці сур'ёзна ён.

01.04.2022 / 10:14

«Я сыходжу на пенсію. Я кажу гэта даволі сур'ёзна. Калі, вядома, раптам анёлы прынясуць мне нейкі сцэнарый, напісаны залатымі чарніламі, і я зразумею, што людзям вельмі важна гэта ўбачыць, то, можа, я і вярнуся», — сказаў Кэры.

Ён растлумачыў, што вельмі любіць сваё спакойнае і духоўнае жыццё. Артыст прысвяціў сябе маляванню і хоча адпачыць ад здымкаў у фільмах. «Я зрабіў дастаткова. Мне ўжо дастаткова», — дадаў Кэры.

Кэры 60 гадоў. Карціны, якія прынеслі яму найбольшую вядомасць, — «Маска», «Эйс Вентура», «Брус Усемагутны», «Шоу Трумана», «Вечнае ззянне чыстага розуму» і «Грынч — выкрадальнік Раства».

Nashaniva.com