Выставілі на аўкцыён памяшканне чыгуначных кас у Мінску. Якая цана?

Беларуская чыгунка вырашыла прадаць на аўкцыёне памяшканне ў гістарычным будынку на вуліцы Кірава, 2 (насупраць вакзала), у якім раней працавалі міжнародныя касы.

01.04.2022 / 12:33

Пра таргі паведамляе Мінскі гарадскі цэнтр нерухомасці. 

Памяшканне займае плошчу 239,3 квадратнага метра. Паводле выпісу з Адзінага дзяржрэгістра нерухомай маёмасці, гэта «памяшканне неўстаноўленага прызначэння». Яно цяпер знаходзіцца ва ўласнасці Рэспублікі Беларусь і ў гаспадарчым падпарадкаванні Мінскага аддзялення Беларускай чыгункі, паведамляе Realt.by.

Пачатковая цана — 1 772 080 рублёў (на сёння гэта каля 545 тысяч даляраў). У кошт уваходзіць таксама некаторае абсталяванне, якое засталося пасля закрыцця кас.

Аўкцыён пройдзе 6 мая ў Мінскім гарадскім цэнтры нерухомасці.

Nashaniva.com