Журналіст-палітвязень Андрэй Пачобут узнагароджаны прэстыжнай польскай прэміяй

Андрэй Пачобут узнагароджаны прэстыжнай прэміяй Wiktory 2021 ў Польшчы і статуэткай ў катэгорыі «Журналіст года».

01.04.2022 / 13:39

31 сакавіка прайшло ўрачыстае ўручэнне ўзнагарод Wiktory 2021.

Wiktory 2021— гэта ўзнагарода польскай Тэлевізійнай акадэміі, якая была заснаваная ў 1985 годзе, і якую ўручалі пасля сямігадовага перапынку.

Падчас мерапрыемства гучала тэма вайны ва Украіне, таму на пачатку ганаровага SuperWiktora уручылі прэзідэнту Уладзіміру Зяленскаму, а статуэтку атрымаў міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба, які знаходзіцца з візітам у Польшчы.

«Гэтая вайна ідзе таксама дзеля свабоды вашай краіны. Мы хочам, каб Польшча ніколі не перажывала таго, што цяпер перажывае Украіна», — адзначыў Кулеба.

Статуэткай у катэгорыі «Журналіст года» ўганаравалі Андрэя Пачобута. Актывіст Саюза палякаў у Беларусі, журналіст знаходзіцца за кратамі з 25 сакавіка 2021 года па абвінавачванні ў распальванні сацыяльнай варожасці і рэабілітацыі нацызму.

Nashaniva.com