Што такое ОРДЛО і ў чым розніца паміж БТГр і БТР? Гайд па тэрмінах і абрэвіятурах вайны ва Украіне

Тлумачальны слоўнік сённяшняга трагічнага часу.

04.04.2022 / 09:51

У патоку навінаў з Украіны СМІ выкарыстоўваюць шмат скарачэнняў, вайсковых абрэвіятур ці проста назваў зброі. Для непадрыхтаванага чытача многія з іх могуць быць незнаёмымі ці незразумелымі. Тлумачым значэнне асноўных абрэвіятур і тэрмінаў.

Фота: AP / Andrew Marienko

Русский мир — аксюмаран.

НАТА/NATO /Паўночнаатлантычны альянс — ваенна-палітычны блок заходніх краін, куды ўваходзяць ЗША, Канада і большасць краін Еўропы.

ЗСУ (укр)/ УСУ (бел)/ ВСУ (рус) — Узброеныя сілы Украіны.

ОП — Офіс прэзідэнта Украіны.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Фота: Instagram / zelenskiy_official

ВР — Вярхоўная Рада Украіны.

СБУ — Служба бяспекі Украіны, займаецца пытаннямі дзяржбяспекі.

МО (укр, рус) — Міністэрства абароны.

ГУР — Галоўнае упраўленне разведкі пры Мінабароны Украіны.

ВМС — Ваенна-марскія сілы.

Тэрабарона, ТрО (укр, рус) — Сілы тэрытарыяльнай абароны Украіны.

Фота: AP / Andrew Marienko

Нацгвардыя — украінскае вайсковае фармаванне, якое ўваходзіць у сістэму МУС, але больш ваенізаванае, чым паліцыя. Мае права выкарыстоўваць вайсковую тэхніку і зброю.

ООС (укр, рус) — Аперацыя аб'яднаных сіл, комплекс ваенных і спецыяльных арганізацыйна-прававых мерапрыемстваў украінскіх сілавых структур, накіраваных на процідзеянне дзейнасці расійскіх і прарасійскіх узброеных фармаванняў у ходзе вайны на тэрыторыі Луганскай і Данецкай абласцей. 

РНБО (укр)/ СНБО (рус) — Рада нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны, каардынацыйны орган пры прэзідэнце па пытаннях нацыянальнай бяспекі і абароны.

ДНР і ЛНР — «Данецкая народная рэспубліка» і «Луганская народная рэспубліка», назвы самаабвешчаных рэспублік на тэрыторыях Данецкай і Луганскай абласцей.

ОРДЛО (укр, рус)— «Окремі райони Донецької та Луганської областей» альбо «Отдельные районы Донецкой и Луганской областей». Так ва Украіне называюць тэрыторыі самаабвешчаных ДНР і ЛНР. Таксама ў дачыненні да ДНР і ЛНР украінцы ўжываюць выраз «часова акупаваныя тэрыторыі».

АТО (укр, рус) — Антытэрарыстычная аперацыя, так украінскія ўлады пэўны час называлі вайну на Данбасе. Тэрыторыі самаабвешчаных ДНР і ЛНР часта называлі «зонай АТО».

ДАП — скарачэнне ад «Данецкі аэрапорт ім. Пракоф’ева», у 2014-2015 гадах за аэрапорт ішлі жорсткія баі паміж украінскімі вайскоўцамі і прарасійскімі войскамі. Украінскіх вайскоўцаў —абаронцаў аэрапорта пасля пачалі называць «кібаргамі».

«Азов» (укр, рус) — таксама «полк «Азов» альбо «окремий загін спеціального призначення «Азов». Асобны атрад спецыяльнага прызначэння, створаны ў 2014 годзе ў Марыупалі.

Фота: АР / Sergei Chuzavkov

У «Азоў» сапраўды ўваходзілі члены ультраправых арганізацый, праз гэта расійская прапаганда пастаянна называе ўсіх байцоў палка неанацыстамі. 

Менавіта «Азоў» сёння абараняе Марыупаль, які метадычна руйнуюць расійскія войскі.

ССО (укр, рус) — Сілы спецыяльных аперацый.

ОДА (укр), ОГА ( рус) — абласная дзяржаўная адміністрацыя. Часам дадаецца першая літара вобласці, напрыклад ХОДА — гэта Харкаўская абласная дзяржаўная адміністрацыя.

ОВА (укр, рус) — абласная ваенная адміністрацыя

РДА (укр), РГА (рус) — раённая дзяржаўная адміністрацыя

КМДА(укр)/ КГДА (бел)/ КГГА (рус) — Кіеўская гарадская дзяржаўная адміністрацыя.

Нардэп — народны дэпутат Украіны.

ОГП — Офіс генеральнага пракурора Украіны.

ДСНС (укр)/ ГСЧС (рус) — Дзяржаўная служба па надзвычайных сітуацыях Украіны, прасцей кажучы, ратавальнікі.

ДБР (укр)/ ГБР (рус) — Дзяржаўнае бюро раследаванняў Украіны, аналаг беларускага Следчага камітэта.

КОРД (укр) — корпус аператыўна-раптоўнага дзеяння, падраздзяленне асаблівага прызначэння ў Нацыянальнай паліцыі Украіны.

ГТС (укр, рус) — газатранспартная сістэма Украіны. Складаецца з газаправодаў, размеркавальных сетак, газасховішчаў, кампрэсійных і газавымяральных станцый.

ОПЗЖ (укр, рус) — прарасійская партыя ва Украіне пад назвай «Апазіцыйная платформа — за жыццё». Адзін з лідараў — Віктар Медзвядчук, той самы кум Пуціна.

«Дія» (укр) — украінскі электронны сервіс і мабільная праграма для карыстання дзяржпаслугамі. 

Орки (укр, рус) — так украінцы пагардліва называюць расійскіх салдат.

Расійскія салдаты ў палоне

ЗС РФ (укр)/ ВС РФ (рус) — Узброеныя сілы Расійскай Федэрацыі.

Расгвардыя — расійскі аналаг украінскай Нацгвардыі. Да вайны шырока выкарыстоўвалася расійскай уладай для разгону мітынгаў.

«Вагнераўцы» — байцы расійскай прыватнай ваеннай кампаніі (так званай «ЧВК Вагнер» ці «група Вагнера»), удзельнічалі ў захопе Крыма, баях на Данбасе, вайне ў Сірыі.

ДРГ (укр, рус) — дыверсійна-разведвальная група. Звычайна невялікае падраздзяленне спецыяльнага прызначэння, якое выкарыстоўваецца для разведкі і дыверсій у тыле праціўніка.

БТГр — батальённая тактычная група, як правіла складаецца з 600-1000 салдат і афіцэраў, а таксама танкаў, артылерыі, БМП.

ДШВ і ДШБ (рус) — дэсантна-штурмавыя войскі. ДШБ — дэсантна-штурмавая брыгада, падраздзяленне паветрана-дэсантных войскаў, якое спецыялізуецца на штурмавых захопах.

ОМБр (укр, рус) — асобная механізаваная брыгада, тактычнае злучэнне сухапутных войскаў, куды ўваходзяць танкі, артылерыя, разведчыкі, медыкі, снайперы і г. д.

ББМ — баявая браніраваная машына.

БРМ — баявая разведвальная машына, прызначаная для разведкі боем.

БМП — баявая машына пехоты, прызначаная для перавозкі дэсанта і агнявой падтрымкі яго ў баі.

БМП-3. Фота: wikimedia.org / Vitaly V. Kuzmin

БТР — бронетранспарцёр, баявая машына, прызначаная для транспарціроўкі пехоты. Мае слабейшае ўзбраенне ў параўнанні з БМП.

БМД — баявая машына дэсанта, мае ўзмоцненую браню і лепшае ўзбраенне, чым БТР. БМД можа дэсантавацца з дапамогай парашутаў. 

МТЛБ (рус) — шматмэтавы плаваючы бронетранспарцёр. Можа перавозіць людзей і грузы, выкарыстоўвацца ў ролі артылерыйскага цягача.

РСЗВ (укр)/ РСЗО (рус) — рэактыўная сістэма залпавага агню. Як правіла, баявая машына з пускавой ракетнай устаноўкай на ёй. РСЗА выкарыстоўвалі яшчэ падчас Другой сусветнай вайны — напрыклад, «Кацюшу».

ППО (укр)/ ПВО (рус) — супрацьпаветраная абарона (СПА).

ПРО (укр, рус) — супрацьракетная абарона.

БпЛА (укр, рус) — беспілотныя апараты, альбо дроны. Легендарныя «Байрактары» ў тым ліку.

ОТРК (укр, рус) — аператыўна-тактычны ракетны комплекс, прызначаны для стрэлаў на адлегласць да 500 кіламетраў. АТРК складаецца з грузавога аўтамабіля ці платформы, аператыўна-тактычнай ракеты, запасу ракет на транспартна-зараджальных машынах, прычэпах або трэйлерах, сістэмы навядзення, апаратуры сувязі.

ПТРК (укр, рус) — супрацьтанкавы ракетны комплекс (СТРК).

ЗРК — зенітна-ракетны комплекс, прызначаны для знішчэння паветраных аб’ектаў: авіяцыі, ракет праціўніка. Сумна вядомы ЗРК «Бук», з якога збілі малазійскі «Боінг» над Данбасам у 2014 годзе.

Ка-52 — баявы верталёт расійскай вытворчасці.

Мі-24 — баявы верталёт, распрацаваны яшчэ ў СССР.

Ан-225 «Мрія» — самы вялікі ў свеце транспартны самалёт.

Знішчаная «Мрія»

Знаходзіўся ва Украіне, быў знішчаны 25 лютага 2022 года падчас бамбардзіроўкі расіянамі аэрапорта «Антонаў» у Гастомелі.

Су-25, Су-30, Су-34, Су-35 — баявыя самалёты.

Т-72, Т-80 — назвы мадэляў танкаў.

ПММ (укр)/ ГСМ (рус) — гаруча-змазачныя матэрыялы, у тым ліку паліва.

Ракета тыпу «Х» — авіяцыйная ракета малой далёкасці, запускаецца з самалёта па наземных аб’ектах.

«Байрактар» — беспілотнік турэцкай вытворчасці, выкарыстоўваецца ўкраінскімі войскамі супраць расійскіх акупантаў. «Байрактар» цяжка адсачыць, ён можа знаходзіцца ў паветры амаль суткі, нясе авіябомбы ці супрацьтанкавыя ракеты.

Беспілотнік «Байрактар». Фота: інфармагенцтва Мінабароны Украіны «АрміяINFORM»

Дрон-камікадзэ — аднаразовы беспілотнік з зарадам выбухоўкі. Фактычна гэта бомба, абсталяваная камерамі і сістэмай навядзення. Некаторыя такія дроны можна праграмаваць на самастойную атаку аб’ектаў.

«Точка-У» — баявы ракетны комплекс, часта так называюць толькі саму кіраваную ракету. 

«Javelin»/«Джавелін» — амерыканскі пераносны супрацьтанкавы комплекс.

Стральба з «Джавеліна». Фота: wikipedia.org

NLAW — пераносная супрацьтанкавая кіраваная ракета шведска-брытанскай вытворчасці.

«Стугна» — украінская супрацьтанкавая ракетная сістэма.

«Stinger»/«Стынгер» — амерыканскі пераносны супрацьракетны комплекс.

«Patriot»/ «Пэтрыёт» — зенітна-ракетны комплекс амерыканскай вытворчасці, выкарыстоўваецца ў паветранай і супрацьракетнай абароне.

М-72 — супрацьтанкавы гранатамёт.

«Град» — расійская рэактыўная сістэма залпавага агню на базе шасі грузавіка, была распрацаваная яшчэ ў СССР.

РСЗА «Град». Фота: Юрыя Кучынскага 

«Ураган», «Смерч» — аналагі «Града», але з большым калібрам і больш шырокім спектрам боепрыпасаў.

«Іскандэр» — расійскі аператыўна-тактычны ракетны комплекс. Асноўныя задачы — знішчэнне сістэм супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны, знішчэнне стратэгічных аб’ектаў, караблёў. Далёкасць дзеяння — да 500 кіламетраў.

«Іскандэр». Фота: mil.ru

«Калібр» — расійская крылатая ракета. 

«Панцыр-С1» — расійскі самаходны зенітны ракетна-гарматны комплекс.

«Панцыр-С1», захоплены ва Украіне. Фота: камандаванне сіл спецыяльных аперацый УС Украіны

«Ігла» — савецкі і расійскі пераносны зенітны ракетны комплекс.

«Кінжал» — расійскі гіпергукавы авіяцыйны ракетны комплекс. З'яўляецца авіяцыйным варыянтам комплексу «Іскандэр». 

МіГ-31К з ракетай комплексу «Кінжал». Фота: Міністэрства абароны РФ

«Бастыён» — расійскі берагавы ракетны комплекс, у асноўным выкарыстоўваецца для паражэння надводных караблёў.

ПОМ-3/ Міна ПОМ-3 «Медальён» — міна з сейсмічным датчыкам, калі датчык фіксуе крокі побач, міна падскоквае на вышыню каля метра і выбухае.

С-300 — зенітна-ракетны комплекс, распрацаваны яшчэ ў СССР. Асноўнае прызначэнне — супрацьпаветраная абарона.

ТОС «Буратино» (рус) — цяжкая агнямётная сістэма залпавага агню калібру 220-мм на базе танка Т-72.

Тэрмабарычныя боегалоўкі выбухаюць у два этапы. Спачатку выкідваецца запаленчая сумесь у форме аэразолю, затым выбухае іншая частка, якая падрывае распылены вакол аэразоль. З-за такога дзеяння тэрмабарычныя боепрыпасы валодаюць значна больш магутнай сілай паражэння і выбухной хваляй.

ТОС-1А «Солнцепёк» (рус)  — мадыфікацыя цяжкай агнямётнай сістэмы «Бураціна».

Цяжкая агнямётная сістэма «Сонцапёк». Фота: wikipedia.org / Kirill Borisenko

Nashaniva.com