Свет у шоку ад кадраў з Бучы. Мінабароны РФ апраўдваецца: Целы расклалі для драматычнай карцінкі
Свет у шоку ад кадраў з Кіеўшчыны пасля акупацыі. Адступаючы, расійскія войскі пакінулі там страшныя сляды — целы са знакамі катаванняў, трупы на вуліцах, брацкія магілы. У Бучы, па словах мэра горада Анатоля Федарука, у брацкай магіле пахавалі 280 чалавек, але шмат трупаў яшчэ застаецца на вуліцах.
03.04.2022 / 14:41
Міжнародная супольнасць паабяцала, што гэтыя злачынствы не застануцца беспакаранымі.
Прэзідэнт Еўрасаюза Шарль Мішэль анансаваў новыя санкцыі супраць РФ, а таксама паабяцаў падтрымку з боку Еўрасаюза ў пераследзе за ваенныя злачынствы, учыненыя арміяй Расіі на тэрыторыі Кіеўскай вобласці.
«Я шакаваны фатаграфіямі, якія ўразаюцца ў памяць і сведчаць пра зверствы, учыненыя расійскай арміяй у вызваленых раёнах Кіеўшчыны», — напісаў ён, дадаўшы хэштэг «бучанская разня».
Міністэрства абароны РФ адрэагавала на гэтыя сведчанні ваенных злачынстваў. Кадры з Бучы і ахвяры сярод мірнага насельніцтва яны цынічна назвалі фэйкамі.
«Целы на відэа быццам бы спецыяльна расклалі дзеля стварэння больш драматычнай карцінкі. «Брацкая магіла» з целамі зробленая ВСУ, бо больш за месяц таму яны заблакавалі горад, падарваўшы мост каля Ірпеня», — апублікавала ведамства ў сваім афіцыйным тэлеграм-канале пост з іншага канала.
Два дні таму на тэлеканале «Звезда», падведамасным Мінабароны РФ, паведамлялася, што расійскія марскія пехацінцы праводзяць «зачыстку» населеных пунктаў у Кіеўскай вобласці.
«Камандзір аднаго з падраздзяленняў марской пяхоты Аляксей Шабулін адзначыў, што цяпер расійскія марпехі праводзяць пошукава-выведвальныя дзеянні і ажыццяўляюць зачыстку населеных пунктаў з далейшай задачай замацавацца ў іх», — цытавала «Медуза» паведамленне тэлеканала.