Выведка ЗША перадала Украіне план наступу Расіі на Кіеў

Своечасовае інфармаванне ўладаў у Кіеве дапамагло адбіць атаку Расіі на сталіцу Украіны ў першыя дні вайны. Дырэктар ЦРУ распавёў Зяленскаму аб планах Крамля яшчэ ў сярэдзіне студзеня, паведаміла The Wall Street Journal.

03.04.2022 / 18:07

Фота загінулага фотажурналіста Макса Левіна.

Выведка ЗША перадала кіраўніцтву Украіны планы расейскага наступу на Кіеў, што, магчыма, адыграла ключавую ролю ў адбіцці агрэсіі ў першыя дні вайны, паведаміла ў пятніцу, 1 красавіка, амерыканская газета The Wall Street Journal (WSJ) са спасылкай на інфармаваныя крыніцы.

Па звестках выдання, дырэктар Цэнтральнага разведвальнага ўпраўлення (ЦРУ) ЗША Уільям Бернс у сярэдзіне студзеня таемна наведаў Кіеў, дзе сустрэўся з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і распавёў яму пра планы Масквы. Тады, адзначае WSJ, выведка ЗША ўжо ведала, што расейскія войскі нанясуць галоўны ўдар з тэрыторыі Беларусі праз Чарнобыльскую зону адчужэння. Ведала разведка і аб планах Масквы захапіць аэрадром у Гостомелі пад Кіевам, каб выкарыстоўваць яго ў якасці плацдарма.

Гэты аэрадром сапраўды быў захоплены ў першы ж дзень расейскага ўварвання 24 лютага, калі там высадзіўся дэсант, а расейскія войскі пачалі наступ на Кіеў з поўначы. Аднак украінскія вайскоўцы дзякуючы атрыманай ад ЦРУ інфармацыі паспелі арганізаваць абарону на рацэ Ірпень і не пусцілі суперніка ў Кіеў. Гэта дазволіла стабілізаваць фронт.

Некалькі дзён таму расейскія войскі пачалі пакідаць тэрыторыю Кіеўскай вобласці. Паведамляецца, што Расія перакідвае гэтыя часткі ў Данбас. 2 красавіка Мінабароны Украіны абвясціла аб поўным вызваленні Кіеўскай вобласці.

У артыкуле WSJ выказваецца здагадка, што Пуцін ставіў мэтай падпарадкаванне Украіны цягам усіх 20 гадоў свайго кіравання. У лістападзе мінулага года падрыхтоўка ўзброенага ўварвання ўвайшла ў завяршальную фазу. Тады ж ЗША сталі папярэджваць Маскву пра наступствы ў выглядзе жорсткіх санкцый.

У матэрыяле таксама паведамляецца аб тым, як ЗША абмяркоўвалі падрыхтоўку да магчымай вайны ва Украіне з заходнімі саюзнікамі. 

Nashaniva.com