«Незласліва? Мы высмейвалі Лукашэнку так, як рабіў гэта ўвесь беларускі народ». Вялікая гутарка з былым кавэзэшнікам Дзмітрыем Танковічам

Шоўмен Дзмітрый Танковіч, які раней выступаў за мінскую каманду «ЧП», а цяпер працуе на ТБ у Кіеве, — пра ўкраінскі гумар, настальгію, стаўленне да Лукашэнкі ды пра тое, што чакае краіну.

06.04.2022 / 20:21

Дзмітрый Танковіч: Мы высмейвалі Лукашэнку так, як рабіў гэта ўвесь беларускі народ. Фота: з асабістага архіву Дзмітрыя Танковіча

«Наша Ніва»: Сёння вы сябе адчуваеце ўкраінцам, які некалі з'ехаў з Беларусі, ці беларусам, які доўгі час жыў ды ўжо асіміляваўся ва Украіне?

Дзмітрый Танковіч: Не буду крывадушнічаць: гэта пытанне, адказ на якое апошнім часам шукаю ў галаве пастаянна. З аднаго боку, Украіна дала мне вельмі многа: сям'ю, кар'еру, асяродак паплечнікаў. А з іншага боку, Беларусь падаравала магчымасць усё вышэй названае атрымаць. Таму акрэсліць сябе цяпер па нацыянальнай прыкмеце складана — украінабеларус ці беларусаўкраінец, неяк так.

Мне вельмі хочацца, каб як мага хутчэй Беларусь адчула ўсю тую моц, еднасць ды ўпэўненасць у перамозе, якія цяпер мае Украіна. Мне падаецца, што тады ў маёй радзімы з'явіцца рэальны шанец стаць падобнай да сваёй вольнай краіны-суседкі.

«НН»: Наколькі змянілася жыццё беларуса, які жыве ва Украіне, пасля 24 лютага? Асабліва, калі ўлічыць, што ён беларус вядомы.

ДТ: Хітраваць не буду: калі весці гаворку пра нейкія простыя рэчы, мне, відавочна, лягчэй, чым астатнім. З тым жа беларускім пашпартам можна адвольна пакідаць межы Украіны ды вяртацца.

Прызнаюся як ёсць: з'ехалі ў першы дзень вайны. Лічу, што проста пашанцавала, бо мы жылі ў Бучы — горад, цяпер вядомы кожнаму на Зямлі, хаця яшчэ тыдзень таму наўрад ці людзі з краін Еўропы адшукалі б яго на мапе.

Пасля некалькіх дзён ува мне вялі барацьбу два пачуцці — віна ды страх. Шчаслівы, што перамагло правільнае пачуццё: вярнуўся ў Кіеў да працы на галоўным сталічным тэлеканале. Акрамя таго, удзельнічаю ў дабрачынных канцэртах, што ладзяцца ў Польшчы.

На тыдні, напрыклад, мы збіралі грошы для Украіны праз выступы ў Варшаве ды Уроцлаве. Пасля ўзяў дзень паўзы, каб пабыць з сям'ёй, ды зноўку далучыўся да калег у Кіеве.

«НН»: Ці змянілася ваша камунікацыя з украінцамі пасля пачатку вайны? Дакладней, пасля таго, як афіцыйная Беларусь дзеяннямі Аляксандра Лукашэнкі абазначыла сваю пазіцыю ў канфлікце.

ДТ: Мне прасцей, значна прасцей, чым тысячам землякоў, што жылі тут пасля пераезду. Мяне ведаюць — і ведаюць як чалавека, які заўсёды падтрымліваў Украіну.

Тым не менш, ці лавіў я на сабе касыя позіркі? Так, здаралася. Ці прыемна мне, калі кожны раз пры перасячэнні мяжы і ўкраінскія памежнікі, і іх польскія калегі выклікаюць на падрабязнае сумоўе? Не, вядома, непрыемна. Аднак разумею — іншага было б чакаць наіўна. Цяпер стаўленне да Беларусі менавіта такое.

«НН»: Калі ваша каманда КВЗ была на вяршыні папулярнасці, яна даволі часта кпіла з Лукашэнкі. Але то быў гумар незласлівы, іранічны. Ці змянілася цяпер ваша стаўленне да гэтага чалавека — і ці адбілася б яно на жартах «ЧП»?

ДТ: Магчыма, наступная аналогія вам падасца дзіўнай, але… Мы высмейвалі Лукашэнку так, як рабіў гэта ўвесь беларускі народ — спосабамі, якімі людзі так ці інакш спрабавалі адсунуцца ад гэтай асобы, адправіць яе як мага далей, перакрэсліць знак роўнасці між сабой ды ім. Насамрэч, гэта было мякка і па-добраму. Незласлівая беларуская рэвалюцыя, давайце так гэта назавём.

Аднак цяпер я разумею, што так нешта змяніць немагчыма. Каб здзейсніць нейкі зрух у ментальнасці, у паводзінах беларусаў, трэба штосьці рабіць. Іншае, больш сур'ёзнае.

Я перажываю, шчыра вам кажу. Перажываю за тое, што адбываецца ў Беларусі апошнім часам, за апошнія паўтара года. Вельмі хочацца, каб мая краіна здолела адшукаць тое рашэнне, якое ў свае часы знайшла Украіна.

«НН»: У сацсетках час ад часу вы публікуеце пасты, якія, нават нягледзячы на ваенную тэматыку, выклікаюць усмешку. Наколькі ўвогуле гумар падчас такой навалы здольны «вывазіць» людзей ментальна?

ДТ: Паколькі працую ў Кіеве на навінным канале, кожны дзень сутыкаюся з велізарным аб'ёмам інфармацыі. Большасць навін, на вялікі жаль, мае такі характар, што пасля знаёмства з імі не можаш спаць. І гэта я — чалавек, які знаходзіцца ў Кіеве, у адноснай бяспецы. А вы ўявіце тую велізарную колькасць людзей, што трапляюць пад гэтую навінную плынь у бамбасховішчах альбо пад аблогай. На іх валіцца безліч негатыву, бадай, кожную секунду…

Таму прыйшоў да высновы: людзей трэба па-добраму «раздражняць», так бы мовіць. Таму калі адказваць наўпрост на пытанне «Ці ёсць месца гумару на вайне?», то скажу — так, вядома. Звярніце ўвагу на тое, што адбываецца ў сасцетках: нават у ліхую гадзіну ўкраінцы канвертуюць свой бязмежны крэатыў у прымаўкі, анекдоты, смешныя байкі. Да што там далёка за прыкладамі хадзіць — гляньце на мем з Лукашэнкам, які распавядае пра месца, адкуль на яго планавалі напасці. Гэта ж увойдзе ў сусветную гісторыю інтэрнэту!

Ці вось свежы прыклад, пра які распавядаў на канцэрце на выхадных. Ёсць адзін прыяцель, што ў мірны час працаваў на тэлебачанні, а пасля пачатку вайны падаўся ў валанцёры. На ўласнай машыне возіць са Львова ў Кіеў гуманітарную дапамогу. Па дарозе — вялікая колькасць блок-пастоў, шмат часу губляецца на праверку дакументаў і гэтак далей. Карацей, ён вырашыў для спрашчэння працэдур наляпіць на машыну літары TV. Маўляў, пабачаць, што тэлебачанне, менш будзе пытанняў.

Сказана — зроблена. Насамрэч усё пайшло значна хутчэй. Аднак пасля аднаго з блок-пастоў ён не заўважыў, як літару T знесла ветрам. І вось ён з адной толькі V на баку даехаў да наступнага пункту аховы… Не буду распавядаць у дэталях, што там адбывалася далей. Але хлапчыну выратавала толькі тое, што ён вельмі добра кажа па-ўкраінску слова «паляниця».

«НН»: А ці можа гумар на беларускай мове быць запатрабаваным? Ды такім жа разнастайным, як цяпер украінскі?

ДТ: Безумоўна! Наш народ вельмі вынаходлівы, востры на язык, з тонкім стаўленнем да гульні слоў. Мы не менш крэатыўныя за суседзяў — магчыма, гэта не вельмі сціпла, але адзін з доказаў гэтага сцверджання сядзіць цяпер перад вамі. Аднак для поўнага раскрыцця патэнцыялу патрэбная адна ўмова.

Усе творчыя працэсы запускае выключна свабода. Менавіта таму ва Украіне такая велізарная колькасць таленавітых артыстаў. Менавіта таму тут велізарная колькасць гумарыстычных праграм: «Дызель-шоу», «95 квартал», «Ліга смеху», «Мама рагатала», «Вар'яты-шоу» і гэтак далей. У Беларусі, для параўнання, няма ніводнага. У Расіі КВЗ — гэта сумная гісторыя, пра «Камедзі клаб» увогуле не буду казаць, бо гэтыя людзі цалкам сябе дыскрэдытавалі пасля пачатку вайны…

Свабода дае магчымасці, магчымасці развіцця творчасці. Упэўнены: калі ў Беларусь прыйдзе свабода, то ўсё тое, што ў людзей набалела, што яны стрымлівалі ў сабе ўвесь гэты час, будзе рэалізаванае вельмі хутка, смешна і дасканала.

«НН»: Цяпер усё часцей паміж Расіяй і Беларуссю медыя дый простыя людзі ва Украіне ставяць знак роўнасці. У вас няма адчування, што пасля вайны гэты «сінтэз» разбурыць будзе ўжо нерэальна?

ДТ: Магчыма, я залішне аптымістычна гляджу на гэтую праблему, аднак пакуль не бачу знака роўнасці між дзяржавамі ды людзьмі, што іх насяляюць. Хачу верыць, што і ўкраінцы таксама падзяляюць такі погляд.

Дзмітрый Танковіч: Наш народ вельмі вынаходлівы, востры на язык, з тонкім стаўленнем да гульні слоў. Фота: clutch.net.ua

Адна справа — рускія з выключна «Першым каналам» у мазгах і абсурднымі ідэямі пра апраўданне вайны. І зусім іншая справа — беларусы, галава якіх проста не прыме гэтыя прапагандысцкія штукі.

Я не веру, што простыя беларусы нават на адну мільённую працэнта падтрымліваюць Расію ў гэтай вайне.

«НН»: Простае чалавечае пытанне, ці ёсць у вас настальгія па Беларусі?

ДТ: Просты чалавечы адказ: сумую па браце, па матулі. А так… Я вельмі дзіўны ў гэтым сэнсе чалавек, бо люблю прыйсці на тыя месцы, якія калісьці былі для меня ў нечым знакавымі. Як ні дзіўна, гэта школа ды школьны двор, а таксама парк Горкага ў Мінску, бо мы там вельмі доўга і шмат рэпетавалі.

«НН»: Некалі «ЧП» ставіў геніяльны нумар пра чалавека, які сустракае самога сябе маладзейшага на 10 і 20 год ды дае парады. Што б вы параілі самому сабе, калі б цяпер сутрэлі больш юнага Дзіму Танковіча?

ДТ: Сказаў бы толькі адно: калі прыйдзе час, абавязкова збяры трывожны чамаданчык. Бо калі не паспееш, то пасля атрымаеш вой які моцны наганяй ад жонкі.

«Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста

Беларускі кавэзэшнік стаў адным з самых папулярных тэлевядучых Украіны. Дзмітрый Танковіч: «Беларусь застыла, а Украіна стане еўрапейскай краінай»

Беларус правядзе нацыянальны адбор на «Еўрабачанне» ва Украіне

Nashaniva.com