Зняволеную журналістку Кацярыну Андрэеву абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве»

Журналістцы Кацярыне Андрэевай, якая цяпер адбывае тэрмін у Гомельскай калоніі, прад'яўлена новае абсурднае абвінавачанне — па ч. 1 арт. 356 КК («Здрада дзяржаве»). Следства завершана, справа неўзабаве будзе перададзена ў пракуратуру. Магчыма, ужо ў траўні адбудзецца суд. Кацярыне пагражае ад 7 да 15 гадоў пазбаўлення волі, паведаміў у Фэйсбуку яе муж, журналіст Ігар Ільяш.

07.04.2022 / 19:37

Кацярына Андрэева з мужам. Фота: Фэйсбук

Паводле мужа журналісткі, ніхто не ведае, з чаго раптам паўстала гэтае абвінавачванне. Справай займалася УКДБ па Гомельскай вобласці, следства праходзіла ва ўмовах поўнай сакрэтнасці. Напэўна, ніякай інфармацыі не будзе і надалей: суды ў Беларусі звычайна ў такіх выпадках робяцца закрытымі.

«Але не абавязкова ведаць нейкія дэталі, каб разумець усю абсурднасць падобнага абвінавачвання. Каця была прысуджаная да 2 гадоў пазбаўлення волі за стрым з акцыі пратэсту, яна ўжо 16 месяцаў знаходзіцца за кратамі. І вось за пяць месяцаў да завяршэння тэрміну зняволення ёй раптам вылучаюць новае абвінавачванне — у «здрадзе радзіме».

У ахопленым таталітарным вар'яцтвам дзяржаве такая канструкцыя апрыёры не можа мець нічога агульнага з законам і рэальнасцю. Затое відавочная аналогія са сталінскай практыкай — накручваць новы тэрмін палітвязню, калі падыходзіць да канца папярэдні. Прычым і тэрмін ёй таксама пагражае цалкам сталінскі.

Каця абсалютна невінаватая. Яна ніколі не рабіла нічога супрацьзаконнага. Гэтая крымінальная справа — жахлівая па сваёй цынічнасці і жорсткасці помста за журналісцкую дзейнасць», — сцвярджае Ігар Ільяш. 

Кацярына Андрэева была асуджаная на 2 гады пазбаўлення волі за стрым з акцыі памяці Рамана Бандарэнкі. Яе разам з Дар'яй Чульцовай прызналі вінаватымі ў арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК). На волю палітзняволеныя журналісткі мусілі выйсці 5 верасня 2022 года.

Nashaniva.com