Урсула фон дэр Ляен і Жазэп Барэль едуць цягніком у Кіеў, каб сустрэцца з Зяленскім
Старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен і вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль сёння прыедуць у Кіеў для сустрэчы з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім.
08.04.2022 / 08:40
Яны едуць цягніком — у ноч на пятніцу выехалі з польскага прымежнага горада Пшэмысль, дзе знаходзіцца вялікая колькасць бежанцаў з Украіны.
У склад еўрапейскай дэлегацыі таксама ўваходзяць прэм’ер-міністр Славакіі Эдуард Хегер і шэраг еўрапарламентарыяў.
Урсула фон дэр Лейен — першы высокапастаўлены еўрапейскі палітык, які з моманту разні ў Бучы пад Кіевам наведвае ўкраінскую сталіцу.
У сярэдзіне сакавіка Украіну наведвалі прэмʼеры Польшчы, Чэхіі і Славеніі.
Пасля візіту ў Кіеў Ляен 9 красавіка вернецца ў Варшаву на канфэрэнцыю донараў Stand Up For Ukraine, якая праводзіцца з мэтай збору сродкаў для ўкраінскіх уцекачоў. Канфэрэнцыю склікалі па ініцыятыве кіраўніка Еўракамісіі, а таксама прэмʼер-міністра Канады Джасціна Трудо.