Кампанія «Русал» першай з буйных расійскіх кампаній заклікала расследаваць забойствы ў Бучы
Расійская алюмініевая кампанія «Русал» заклікала расследаваць забойства мірных жыхароў у горадзе Буча пад Кіевам. Адпаведная заява была апублікаваная на сайце «Русала» 6 красавіка, на яе звярнула ўвагу выданне Financial Times.
08.04.2022 / 18:15
«Паведамленні з украінскага горада Буча ўзрушылі нас. Мы лічым, што гэтае злачынства павінна быць старанна расследаванае. Мы выступаем за аб'ектыўнае і бесстаронняе расследаванне і заклікаем да суровага пакарання вінаватых. Якім бы цяжкім гэта ні здавалася ва ўмовах інфармацыйнай вайны, якая працягваецца», — сказана ў заяве ад імя кіраўніка савета дырэктараў «Русала» Бернарда Зонэвельда.
Кампанія таксама заклікала да найхутчэйшага завяршэння вайны ва Украіне, «каб захаваць неацэнныя чалавечыя жыцці і вярнуцца да нармальнага жыцця».
Як адзначае Financial Times, «Русал» стаў першай расійскай кампаніяй, якая заклікала да расследавання забойстваў у Бучы. Але ў заяве кампаніі няма згадак пра меркаваных вінаватых у гэтых забойствах.
Сама заява апублікаваная толькі на англамоўнай версіі сайта «Русала», на рускамоўнай версіі яе няма.
«Русал» — адзін з найбуйнейшых у свеце вытворцаў алюмінію. Кампанія зарэгістраваная ў Расіі, яе кантралюе холдынг En+, найбуйнейшым акцыянерам якога з'яўляецца расійскі мільярдэр Алег Дзерыпаска. Ён раней называў уварванне Расіі ва Украіну «вар'яцтвам».
«Русал» пакуль не трапіў пад санкцыі пасля пачатку вайны ва Украіне, аднак кампанія ўсё адно пацярпела ад наступстваў эканамічнай ізаляцыі Расіі. У прыватнасці, «Русал» пазбавіўся магчымасці купляць сыравіну ў Аўстраліі, якая абмежавала экспарт у Расію.