Сакавік з'еў 21% валютнай часткі рэзерваў. У Нацбанка засталося ўсяго 2,8 млрд даляраў «жывых» грошай
І гэта не выклікае аптымізму, піша аўтар эканамічнага тэлеграм-канала «Нашы грошы».
09.04.2022 / 11:00
Стрэсы і шокі ў сакавіку каштавалі золатавалютным рэзервам Беларусі $692,9 млн. Зніжэнне склала 8,4 працэнта. За месяц да таго ЗВР, дарэчы, таксама зніжаліся. Тады рэзервы палягчэлі на $ 259,1 млн ці на 3 працэнты. У выніку на 1 красавіка 2022 года іх агульны аб'ём склаў $ 7,57 млрд.
Зніжэнне золатавалютных рэзерваў істотна змяніла іх структуру. Асноўныя страты ЗВР панеслі ў частцы замежнай валюты, яе доля знізілася з 43 да 37 адсоткаў. На гэтым фоне доля золата ўзрасла з 40 да 44 адсоткаў.
У пераліку на даляр ЗША і з улікам росту цаны каштоўнага металу, золата ў складзе рэзерваў склала $3,34 млрд, а замежнай валюты засталося ўсяго $2,8 млрд. Яшчэ $1,4 млрд — гэта спецыяльныя правы запазычання (SDR), валюта МВФ. Карыстацца ёй фактычна нельга з прычыны санкцый Еўрасаюза і ЗША, уведзеных у адказ на масавыя рэпрэсіі ў Беларусі.
Доля іншых актываў у складзе рэзерваў вельмі нізкая. Страты ЗВР на працягу сакавіка ў частцы замежнай валюты склалі $730 млн, або 21 працэнт. $100 млн сышло на вяртанне даўгоў, астатняе — продаж валюты для падтрымкі курсу рубля і перавод часткі ЗВР у іншыя віды актываў (напрыклад, канверсія ў расійскі рубель ці іншую валюту, якая не ўваходзіць у спіс рэзервовых валют МВФ).
Відавочна, другое — гэта спроба абараніць хаця б частку грошай ад санкцый. Нацбанк плануе па выніках бягучага года захаванне ЗВР на ўзроўні не менш як $7 млрд і пакуль знаходзіцца вышэй праведзенай чырвонай лініі.
Не выклікае аптымізму і той факт, што «жывых» грошай у складзе рэзерваў застаецца ўсё менш. Золата і SDR МВФ маюць хутчэй фундаментальны сэнс, чым практычны, таму што не могуць аператыўна выкарыстоўвацца для падтрымкі рубля або выплаты даўгоў.
Урад ужо абвясціў афіцыйна, што некаторыя крэдыторы з ліку «варожых» атрымаюць свае грошы назад толькі ў беларускіх рублях. Цікава, ці чакае падобны лёс беларусаў, якія многія гады давалі дзяржаве валюту ў доўг, укладаючыся ў аблігацыі мінфіна?