Расійскія вайскоўцы масава ездзяць па Беларусі на скрадзеных ва Украіне аўто

У красавіку ў Гомельскай вобласці неаднаразова заўважалі грамадзянскія аўтамабілі без нумарных знакаў і з намаляванымі літарамі «V». «Наша Ніва» разбіралася, каму могуць належаць гэтыя машыны і адкуль яны ўзяліся на нашых дарогах.

11.04.2022 / 17:07

Яшчэ да пачатку вайны ва Украіне на тэрыторыі Беларусі было шмат расійскай васковай тэхнікі, якая, як сцвярджалі тады, прыехала на вучэнні. Сярод траспартных сродкаў сустракаліся легкавыя аўто, джыпы і мікрааўтобусы, якія належалі расійскім сілавым структарам. Яны часцей за ўсё былі з нумарамі, а сам аўтапарк складаўся з УАЗікаўі ды «Газэляў».

Аднак пасля адступлення расійскай арміі на Кіеўскім і Чарнігаўскім кірунках на дарогах Беларусі пачалі з’яўляцца грамадзянскія аўтамабілі без нумарных знакаў, з розных бакоў пазначаныя лацінскай літарай «V». Ніякіх іншых пазнак, якія маглі б сведчыць аб тым, што гэты транспарт належыць арміі РФ, няма. Раней аўтамабіляў такіх марак і мадэляў (KIA, Honda, BMW) у аўтапарку расійскай арміі было не відаць.

Машыны без нумарных знакаў рухаліся як у калонах у суправаджэнні беларускіх «органаў» (падобна да транспарту МНС), так і асобна. 

Скрыншоты: відэа з тэлеграм-канала Антона Матолькі

Калі ўважліва прыгледзецца да тэхнікі, якая рухалася ў калоне пад суправаджэннем, то можна заўважыць некалькі грузавікоў, брэндаваных рэкламай на ўкраінскай мове. У прыватнасці, у калоне былі грузавікі з надпісамі «Гаврилівські курчата».

Таксама былі заўважаныя Kia Sportage, VW Crafter, Peugeot Partner і іншыя аўтамабілі без нумарных знакаў. На відэа, якое было размешчанае ў тэлеграм-канале Антона Матолькі, бачна, што калону суправаджаюць аўтамабілі, абсталяваныя спецсігналамі.

Аўтамабілі з літарай «V» былі заўважаныя і падчас руху без арганізаванай калоны. Усе яны былі без нумароў. Адзначым, што, згодна з правіламі дарожнага руху Беларусі, забараняецца ўдзел у ім транспартнага сродку без усталяваных у прадугледжаных месцах рэгістрацыйных знакаў. Парушальнікаў чакае штраф у памеры ад 10 да 20 базавых. 

Нягледзячы на гэта, расійскія вайскоўцы і раней не прытрымліваліся ПДР. Фоты расійскага УАЗ Patriot без нумароў нам дасылалі яшчэ ў сакавіку.

Фота чытача «Нашай Нівы»

«Наша Ніва» верыфікавала месца, дзе знаходзіўся адзін з такіх аўтамабіляў. Пазадарожнік BMW (на здымку ніжэй) на нейкі час пакінулі на паркоўцы ля жылога дома на адной з вуліц Гомеля.

Інфармацыя аб тым, што расійскія вайскоўцы крадуць аўтамабілі, неаднаразова з’яўлялася ў шэрагу ўкраінскіх СМІ. Салдаты забіралі як новыя аўтамабілі з салонаў, якія знаходзіліся на часова падкантрольнай РФ тэрыторыіі, так і ўжываныя. Напрыклад, 22 сакавіка, кіраўнік Сумскай абласной ваеннай адміністрацыі распавядаў, што на тэрыторыі вобласці былі выпадкі незаконнага завалодання транспартнымі сродкамі ўкраінцаў. Крадзеныя аўтамабілі выкарыстоўвалі ў тым ліку дыверсійна-разведвальныя групы. Аднак, як бачна, частка «трафейных» машын у выніку апынулася на тэрыторыі Беларусі.

Апроч відавочных парушэнняў ПДР, узнікаюць іншыя юрыдычныя пытанні. На падставе якіх дакументаў гэты транспарт трапіў у Беларусь? Хто ў такім выпадку ўвогуле кантралюе сітуацыю на ўкраінска-беларускай мяжы? Якім чынам будзе адбывацца легалізацыя транспарту, які не прайшоў мытную ачыстку? Ці ёсць гарантыя, што з часам гэтыя аўто не трапяць у продаж у Беларусі і просты чалавек не стане ўласнікам машыны, якая знаходзіцца ў вышуку? 

Таксама застаецца незразумелым, хто будзе выплачваць кампенсацыю пацярпелым, калі раптам такое аўто трапіць у ДТЗ, як беларускія даішнікі змогуць знайсці парушальніка, калі аўтамабіль рухаецца без нумарных знакаў?

Чытайце таксама:

Колькі заплацілі за перасылку рэчаў расійскія салдаты-марадзёры?

Паглядзіце, у якіх умовах ва Украіне праходзіць пасяўная ФОТЫ

Nashaniva.com