Больш за 25 праверак за месяц і забарона на туалет. Як жыхарка Іўя адбывае «палітычную хатнюю хімію»

Стваральніцу Іўеўскага музея нацыянальных культур Рэгіну Лавор у верасні мінулага года асудзілі да двух гадоў «хатняй хіміі».

12.04.2022 / 11:09

Яе абвінавацілі ў абразе начальніка Іўеўскага РАУС і старшага інспектара, паведамляюць праваабаронцы.

Жанчына распавяла пра тое, як яна адбывае «палітычную хатнюю хімію».

За сакавік да яе больш за 25 разоў прыходзілі з праверкамі, чацвёрты месяц яна не можа атрымаць дазвол, каб выехаць у горад Ліда і набыць матэрыялы для рамесніцтва — фактычна, Рэгіна не можа працаваць.

Ёй забаранілі наведваць касцёл і нават карыстацца прыбіральняй на вуліцы. На ўсе звароты ў РАУС і МУС жанчына атрымоўвае «адпіскі».

Nashaniva.com