У Оперным не працягнулі кантракт дырыжору Івану Касцяхіну

Вядомы беларускі дырыжор Іван Касцяхін больш не працуе ў Нацыянальным тэатры оперы і балета. Яму не працягнулі кантракт, які скончыўся яшчэ 1 красавіка 2022 года, але публічна пра гэта не паведамлялася.

13.04.2022 / 14:27

Іван Касцяхін пацвердзіў гэтую інфармацыю Zerkalo.io. Паводле яго слоў, за месяц да заканчэння кантракту яго выклікаў намеснік генеральнага дырэктара па бяспецы, рэжыме і кадрах Алег Урбан. Па сцвярджэнні Касцяхіна, у тэатральным асяроддзі кажуць, што Урбан да гэтага працаваў у адной з сілавых структур. Намеснік дырэктара паказаў дырыжору загад аб непрацягненні кантракта.

— Пасля гэтага я павінен быў працаваць яшчэ месяц, весці шэсць спектакляў, у тым ліку на наступны дзень «Макбет», які ўжо быў адрэпетаваны. Цягам 10 хвілін гэты чалавек у пагонах змяніў расклад і прыбраў мяне з усіх спектакляў. Дарэчы, ніводзін чалавек з дырэкцыі мне ў гэтым так і не прызнаўся. Пасля гэтага я не стаў чакаць месяц і сышоў сам, — расказаў дырыжор.

Пасля сыходу з тэатра Касцяхін застаўся ў прафесіі:

— Цяпер вяду работу над праектам, на які не хапала часу раней. Ёсць таксама некалькі задумак на новым месцы, але яны патрабуюць часу для рэалізацыі.

Іван Касцяхін — вядомы беларускі дырыжор. Ён выдатна скончыў Рэспубліканскі ліцэй пры Беларускай акадэміі музыкі і Беларускую акадэмію музыкі.

У 2000-м стаў ідэйным натхняльнікам стварэння студэнцкага камернага аркестра Sonante. Будучы яго нязменным кіраўніком і дырыжорам, на працягу некалькіх гадоў даў дзясяткі канцэртаў па Беларусі і за мяжой.

У 2002—2005 гадах быў галоўным дырыжорам Мінскага дзяржаўнага духавога аркестра «Няміга». Правёў дзясяткі праграм, у асноўным — класічнай накіраванасці, эксперыментаваў з перакладаннямі для аркестра найскладанейшых поліфанічных твораў духоўнай музыкі ад Іагана Себасцьяна Баха да Кшыштафа Пендэрэцкага. Стаў першым выканаўцам шэрагу твораў беларускіх кампазітараў.

З 2003 года працаваў дырыжорам Нацыянальнага тэатра оперы і балета Беларусь. Адначасова супрацоўнічаў з шэрагам іншых калектываў.

Усяго з Опернага былі звольненыя больш за 10 чалавек.

Nashaniva.com