БЕЛ Ł РУС

Вайна

Украінцы знішчылі флагман Чарнаморскага флоту — ракетны крэйсер «Масква»

14.04.2022 / 7:41

Nashaniva.com

«Крэйсер «Масква» Чарнаморскага флоту атрымаў сур'ёзныя пашкоджанні ў выніку дэтанацыі боезапасу, якая адбылася з прычыны пажару», — заявіла Міністэрства абароны Расіі. Раней украінскі бок заявіў, што па крэйсеры быў нанесены ўдар дзвюма ракетамі «Нептун».

Фота Wikimedia Commons.

Экіпаж эвакуяваны, паведамляе ТАСС са спасылкай на Мінабароны Расіі. Прычыны пажару ўстанаўліваюцца.

Раней у сераду кіраўнік Адэскай абласной адміністрацыі палкоўнік Максім Марчанка заявіў, што ўкраінскія вайскоўцы нанеслі па крэйсеры «Масква» удар супрацькарабельнымі крылатымі ракетамі «Нептун» і прычынілі яму сур'ёзныя пашкоджанні.

«Ён пайшоў менавіта туды, куды яго паслалі нашы памежнікі на востраве Змяіны! — напісаў Марчанка. — Ракеты «Нептун», якія стаяць на варце Чорнага мора, нанеслі расійскаму караблю вельмі сур'ёзныя пашкоджанні».

«Масква» — флагман Чарнаморскага флоту ВМФ РФ і карабель з самым магутным узбраеннем на Чарнаморскім флоце. Менавіта ён удзельнічаў у захопе вострава Змяіны, дзе адбыўся знакаміты эпізод з пагранічнікамі і іх адказам на ультыматум.

Экіпаж карабля складаецца з 510 чалавек. Паводле інфармацыі расійскага Мінабароны, ён быў цалкам эвакуяваны. Праверыць гэтую заяву немагчыма.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула