Падбіты ўкраінцамі крэйсер «Масква» патануў. Што гэта значыць для баяздольнасці расійскай арміі? 

Страту крэйсера «Масква» пасля сутак эківокаў афіцыйна прызнала расійскае Міністэрства абароны. Гэта самая значная страта расійскага флота падчас вайны з Украінай. 

14.04.2022 / 23:05

«Пры буксіраванні крэйсера «Масква» ў порт прызначэння з-за пашкоджанняў корпуса, атрыманых у ходзе пажару ад дэтанацыі боезапасу, карабель страціў устойлівасць. Ва ўмовах штармавога хвалявання мора карабель затануў», — заявіла Мінабароны Расіі.

Мінулай ноччу флагман Чарнаморскага флоту быў падбіты ракетамі «Нептун», запушчанымі ўкраінскімі вайскоўцамі.

Чым пагражае страта «Масквы»

Адной з задач крэйсера з'яўлялася супрацьпаветраная і супрацьракетная абарона ў інтарэсах усіх сіл расійскага флоту: карабель нёс на борце дальнабойныя комплексы СПА С-300 «Форт», паведамляе «Медуза». 

Страта баяздольнасці «Масквы» можа сур'ёзна аслабіць абарону сіл флоту, якія ўдзельнічаюць у вайне з Украінай, ад нападаў з паветра.

Верагодна, «Масква» быў адзіным з караблёў свайго класу ў страі (яшчэ ёсць «Вараг» на Ціхаакіянскім флоце і «Маршал Усцінаў» на Паўночным), які пры мадэрнізацыі не атрымаў новых радараў, здольных эфектыўна засякаць нізкія цэлі накшталт супрацькарабельнай ракеты «Няптун».

Ракетны крэйсер «Масква», закладзены ў 1976 годзе, з'яўляўся флагманам Чарнаморскага флоту РФ. Ягоны кошт — каля 750 млн даляраў.

Па даных украінскіх СМІ, у ходзе расійскага ўварвання ва Украіну

крэйсер «Масква» удзельнічаў у аперацыі ля вострава Змяіны ў Адэскай вобласці і менавіта з ім звязаная фраза «Рускі ваенны карабель, ідзі *****!» Ягонае знішчэнне мае не толькі матэрыяльнае значэнне. 

Знішчэнне «Масквы» істотна абмяжуе магчымасці Чарнаморскага флота. Менавіта на крэйсеры стаяла абсталяванне для сачэння і разведкі.

Nashaniva.com