Галоўчанка анансаваў дадатковы план падтрымкі эканомікі

Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка падчас агульнадзяржаўнага суботніка анансаваў падрыхтоўку дадатковага плана падтрымкі эканомікі, паведамляе БелТА.

16.04.2022 / 14:52

Паводле слоў Галоўчанкі, праца над новым дакументам ідзе актыўна і ён будзе «яшчэ больш дзейсным у частцы дапамогі эканоміцы краіны», чым ужо прыняты ў пачатку красавіка.

Прэм'ер удакладніў, што дадатковы пакет мераў падтрымкі будзе накіраваны не толькі на рэальны сектар, але і на і сацыяльную сферу.

Па словах Галоўчанкі, цяпер урад вядзе «алічбоўку мераў» і пасля гэтага прадставіць план на зацвярджэнне Лукашэнку.

Ён дадаў, што ўрад штодня прымае кропкавыя рашэнні для падтрымкі асобных прадпрыемстваў і сектараў.

Раней паведамлялася, што план падтрымкі эканомікі ў «бягучых умовах», які прыняты ў Беларусі 8 красавіка, складаецца з пяці блокаў: экспарт, лагістыка, імпартазамяшчэнне, спрыяльнае бізнэс-асяроддзе, галіновыя меры.

Nashaniva.com