«Наш крыжовы шлях непазбежна скончыцца трыумфам вызвалення». Ксёндз Барок — пра Вялікдзень у час вайны
Сёння ў каталікоў Вялікдзень. У гэты час ідзе 53-ці дзень вайны ва Украіне. Пра тое, як правесці гэтае свята, калі адбываюцца такія драматычныя падзеі, «Зеркало» пагутарыла з ксяндзом Вячаславам Барком, пастырам беларусаў-католікаў у Варшаве.
17.04.2022 / 10:26
Фота: Радыё Рацыя
Вячаслаў Барок — каталіцкі святар з пасёлка Расоны ў Віцебскай вобласці, а таксама аўтар YouTube-канала «Ксёндз Барок». У снежні 2020-га яго асудзілі на 10 сутак па артыкуле аб дэманстрацыі нацысцкай сімволікі з-за таго, што апублікаваў у сваіх сацсетках антыфашысцкую карыкатуру дызайнера Уладзіміра Цэслера. Улетку 2021-га ксёндз пакінуў Беларусь.
— Ксёндз Вячаслаў, з якім настроем вы падыходзіце да Вялікадня?
— Вялікдзень — гэта галоўнае свята хрысціян. У гэтым годзе я, як заўсёды, буду святкаваць яго з радасцю і надзеяй. Чаму? Бо ўваскрашэнне Хрыста дае нам надзею на тое, што ў гісторыі нашай краіны, ды ўсіх іншых, або кожнага асабіста ў выніку ўсё скончыцца добра. Хрыстос не дзеля таго перамог грэх, смерць і зло, каб пасля, у нейкі момант развіцця людской цывілізацыі, яны зноў узялі верх. Не, так не бывае. Пераможца ёсць Хрыстос, ён усемагутны і раней ці пазней кропкі ў гісторыі парасстаўляе.
Так, актыўная фаза вайны распачалася зусім нядаўна. Але ж мы разумеем, што сапраўды вайна ва Украіне ідзе з 2014 года, увесь гэты час там гінулі людзі. Ды і тое, што адбываецца ў Беларусі з 2020-га, таксама па-свойму вайна. Спрачацца не буду, выглядае яно па-іншаму, але пакуты людскія такія ж, бо для мяне смерць тысячы чалавек і аднаго, які страціў жыццё несправядліва, — аднолькава непаўторная трагедыя.
Генацыд, які зараз адбываецца ва Украіне, — гэта несправядлівасць. Але, успомніце, у першыя дні вайны нават дасведчаныя палітыкі казалі, што Украіна не мае будучыні, і яны памыляліся. Сёння я з захапленнем гляджу на гэтую краіну, на гэты мужны народ, які змагаецца за сваю незалежнасць. Што жахлівага ў гэтам?
— Як у выразе — шклянка напалову пустая ці напалову поўная?
— Канешне! А чаму? Бо надзею дае Хрыстос. Калі ён ідзе на крыж, я не плачу па ім. Чаму? Таму што ён сказаў жанчынам з Іерусаліму: «Не плачце па мне, а плачце па сабе і дзецях вашых». Калі я бачу змаганні справядлівага чалавека, я перакананы, што ў яго ўсё атрымаецца. Украінцы перамогуць расійскі рэжым.
Але гэта не значыць, што я ўспрымаю свет праз ружовыя акуляры. Калі я кажу пра радасць Вялікдня, гэта не значыць, што я не перажываю з-за таго, што гінуць людзі ці беларусы не могуць вярнуцца дадому. Але гэта не можа забраць у мяне надзею на тое, што дабро возьме верх.
— Як настроіць сябе на свята?
— Смутак і кепскі настрой прыходзяць тады ў сэрца чалавека, калі ён робіць зло. Калі Каін забіў Авеля, ён пачаў сумаваць. Чаму? Бо зло знішчае нас. Калі ты сумняваешся, проста пачні дапамагаць іншым. Я заўсёды параўноўваю людзей, якія задаюць пытанне: «А што рабіць?», з тымі, хто нешта робіць. Калі я прыходжу да сваёй парафіі і сустракаюся з валанцёрамі, якія працуюць з украінскімі бежанцамі або беларусамі, якія вымушаны былі пакінуць радзіму, то я не чую ад іх пытання: «Што рабіць?» Я адчуваю іх задавальненне ад таго, што яны робяць нешта добрае. Бачу ў іх вачах надзею на светлыя перамены. Таму, калі хочаш увайсці ў атмасферу радасці, дапамагай.
— Вы кажаце пра дзеянне, але некаторыя дакараюць сябе за бяздзейнасць: вайна ідзе, а я нічога не раблю (або не магу зрабіць), каб гэта спыніць. Як з гэтым жыць?
— Пачуццё віны павінна быць аб’ектыўным. Калі ты зрабіў нешта кепскае, тады павінна быць пачуццё віны. Зараз, калі з нашай тэрыторыі ляцяць расійскія ракеты і ідуць іх войскі, некаторыя беларусы раптам адчулі пачуццё віны. А раней дзе вы былі? Дзе было ваша пачуццё віны, калі дзесяцігоддзямі нішчылася беларуская культура, калі тысячы людзей траплялі за краты за спробу дабіцца праўды? Тады пачуцця віны неяк не было. Я гэта кажу, каб людзі разумелі: пачуццё віны трэба мець за свой учынак. Тое, што робіцца сёння, — гэта было прадказальна. Я адразу казаў: шлях беззаконня не прынясе Беларусі нічога добрага. Але трэба было думаць пра гэта раней.
— Атрымліваецца замкнёнае кола…
— Я зараз знаходжуся ў Польшчы, дапамагаю ўцекачам з Украіны. І калі я гэта раблю, у мяне няма ніякага пачуцця віны за тое, што з тэрыторыі Беларусі ідзе агрэсія. Таму мая парада: выпраўляйце памылкі мінулага і проста рабіце дабро. А для гэтага ў чалавека ёсць тысячы спосабаў.
— Ёсць людзі, якія адчуваюць сябе вінаватымі за тое, што беларускі пратэст не змог перамагчы. Маўляў, Калі б у нас атрымалася, то, можа, і не было б ва Украіне вайны, ці не ў такіх маштабах. Што б вы ім сказалі?
— Пазіцыя беларускага грамадства ў 2020−2021 годзе была правільнай. Мы хацелі збудаваць сваё жыццё па законе, і гэта верна. Мы не можам сказаць, што беларусы тады здаліся, бо няправільна думаць, што наш канфлікт — гэта толькі ўнутраны канфлікт беларускага грамадства. За тое, што перамены да канца не адбыліся, нясе адказнасць і міжнародная супольнасць. Яна не дапамагла нам належным чынам перамагчы беззаконне тады, калі Крэмль дапамог рэжыму ўтрымацца. І калі сёння з боку некаторых украінцаў недальнабачна гучаць у наш адрас абвінавачванні, гэта несправядліва. Чаму? Бо ў 2020-м украінцы таксама належным чынам не падтрымалі беларускія перамены.
Я згодзен з тым, што, калі б у 2020-м гісторыя Беларусі пайшла іншым шляхам, сёння ва Украіне вайны такого маштабу не магло б быць.
— Хтосьці б вам адразу запярэчыў: раптам, калі б перамог пратэст, вайна пачалася б у Беларусі.
— Чалавек, які верыць у Бога і ў тое, што Хрыстос прапаведваў Валадарства Божае, якое будуецца на праўдзе, справядлівасці, любові, павінен верыць: гэта валадарстсва магчыма. Не трэба думаць, што ты прайграеш на гэтым шляху. Чалавек ніколі не дойдзе да свабоды, калі будзе думаць пра імавернасць сваёй паразы.
Фота: Марына Сінкевіч, catholic.by
— Некаторыя задаюцца пытаннем: А як Бог мог дапусціць тое, што адбываецца ва Украіне? Бучу, Ірпень?
— Гасподзь дапускае праяўленне вольнай волі чалавека. Ён не трымае нікога за руку. Бучу, напрыклад, зрабілі расійскія вайскоўцы — звычайныя людзі, якія самі выбралі служэнне злу. Таму адказнасць за зверства вайны на кожным з тых, хто аказаўся на баку зла. Адзінае, здавалася б, у чым можна абвінаваціць Госпада, — тое, што ён даў чалавеку розум і вольную волю. Але гэта абсурдная пастаноўка пытання, бо, калі б людзі карысталіся розумам і вольнай волей належным чынам і згодна з Божай задумай, такіх бы зверстваў не адбылося.
— Хрысціянства — рэлігія даравання. Але як можна дараваць тую ж Бучу?
— Прабачаць — гэта дар Божы. Для тых, хто не верыць у Госпада і вечнае жыццё, у мяне тут няма аргументаў. Але калі я разумею, што Бог дараваў мне мае грахі, то мне прасцей выбудоўваць шляхі, на якіх я магу прабачыць ворагаў і тых, хто зрабіў мне шмат крыўды. Парада Хрыста: прабачай нават не сем, а семдзесят сем разоў. Вера ў Божую справядлівасць вызваляе з няволі жадання помсты і нянавісці. У той жа час няздольнасць прабачыць і жаданне адпомсціць зводзіць нас у тупік. Адсутнасць прабачэння больш шкодзіць нам самім, чым нашым крыўдзіцелям. Гэта знішчае нас знутры.
Трэба разумець: публічныя грахі і злачынствы не патрабуюць ад нас публічнага прабачэння. Гэта немагчыма. Але такі падыход не перакрэслівае магчымасці прабачыць пэўным крыўдзіцелям у індывідуальным парадку. Зараз казаць пра прабачэнне тых, хто зрабіў Бучу, складана. Значна прасцей яно будзе, калі выканаўцаў гэтых злачынстваў спыняць. Калі адбудзецца справядлівы трыбунал і асуджэнне. Пасля здзейсненага правасуддзя прасцей гаварыць пра прабачэнне. Перш справядлівасць — а потым прабачэнне.
— Шостая запаведзь кажа: «Не забі». Выходзіць, прадстаўнікі рэлігіі павінны адусюль заклікаць спыніць вайну. Чаму гэтага не адбываецца?
— Магу адказаць за Беларусь. У нашай краіне гэтага не адбываецца ў поўнай меры, бо няма свабоды слова. Зараз у нас немагчыма прапаведваць Божае слова так, як хацелі б Бог і чалавек. Таму ацэньваць сёння Царкву і Касцёл такімі крытэрыямі, як бы яны жылі ў волі, несправядліва. У той жа час Касцёл не раз заклікаў да малітваў аб спыненні вайны. Ёсць святары, якія знайшлі ў сабе сілу выступаць супраць ваеннай агрэсіі. Вядомыя прыклады двух святароў з Віцебскай і Магілёўская абласцей, якія былі пакараныя ўладай за сваю пазіцыю. Такія людзі ёсць, і дзякуй Богу.
Як на маю думку, цяпер набагата важней, каб святар не ішоў на супрацоўніцтва з рэжымам і не дазваляў злу выкарыстаць сябе і сваё прапаведванне. Бо вось гэта сапраўды зло, і за яго чалавек будзе адказваць.
— Як параіце правесці гэты велікодны дзень?
— Вельмі важна пайсці ў храм, пакаяцца ў сваіх грахах, бо наша духоўнае жыццё — гэта першаснае пытанне. Я, напрыклад, усю ноч з субботы на нядзелю буду маліцца. У нядзелю зноў буду мець службу ў храме. Адсвяткаваўшы найперш на малітве, пасля сяду за ўрачысты стол, з’ем урачыстае сняданне або абед. Калі мяне хтосьці запросіць у госці, то я буду з кімсьці. Выпью віна і ў хуткім часе пайду спаць. Бо, калі цэлую ноч і раніцу чалавек маліўся, яму патрэбна адпачыць.
— Што б вам хацелася сказаць беларусам у гэты Вялікдзень?
— Мы шмат перажылі, шмат дасведчылі, і наш крыжовы шлях непазбежна закончыцца трыумфам вызвалення. Сёння вельмі важна, каб у нашых сэрцах дабро канчаткова перамагло зло. Калі гэта адбудзецца, то мы адразу ж станем сведкамі таго, як абрынуцца муры нашай няволі. На свабоду выйдуць вязні сумлення, атрымаюць свабоду і тыя, хто дагэтуль зняволены прапагандай і яшчэ не стаў на бок дабра.
Усё яшчэ будзе. Верце. Бо Хрыстос уваскрос! І Беларусь уваскрэсне.