Міністр прапануе затрыманым траўматолагам прызнаць віну ў абмен на свабоду. Што тут не так?
Адвакат Дзмітрый Лаеўскі ў сябе ў Тэлеграме пракаментаваў з юрыдычнага гледзішча затрыманне 35 артапедаў-траўматолагаў і заяву міністра Піневіча пра тое, пры якіх умовах дактары могуць выйсці на волю.
19.04.2022 / 18:21
«Вось ужо некалькі дзён дзяржканалы рапартуюць, што ў Беларусі арыштаваныя медыкі — 35 артапедаў. У некаторых публікацыях гучала, што ім інкрымінуецца атрыманне хабараў за ўстаноўку імпартных пратэзаў. А ўчора міністрам аховы здароўя Піневічам было абвешчана, што ёсць нейкія ўмовы, пры якіх змешчаным у ізалятар дактарам могуць змяніць меру стрымання, каб яны маглі працягваць працаваць.
У прававым сэнсе навіна цікавая па дзвюх прычынах.
Калі дактарам сапраўды выстаўленыя абвінавачванні ў атрыманні хабараў за тое, што яны ставілі людзям імпартныя пратэзы, то ўзнікае вялікае пытанне аб правільнасці такога абвінавачвання.
Таму што атрыманне хабару (артыкул 430 КК) — гэта прыняцце ўзнагароджання службовай асобай, у абмен на дзеянні, якія гэтая службовая асоба здзяйсняе з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў.
Але доктар, які аказвае медыцынскую дапамогу (нават калі ён адначасова з медыцынскай практыкай у той жа установе выконвае адміністрацыйныя функцыі), дзейнічае не ў якасці службовай асобы. Медыцынскія маніпуляцыі або медыцынская паслуга — гэта не рэалізацыя службовых паўнамоцтваў, і гэта не тое, што можа з'яўляцца дзеяннем за хабар, зыходзячы з закона.
Так што ацэнка нейкага ўзнагароджання, нават калі яно атрыманае (а зусім не факт, што гэта даказана), як хабару, больш чым сумнеўная.
Але цікавейшае іншае.
Піневіч зрабіў заяву, з якой вынікае, што быццам бы ўмовы, пры выкананні якіх дактарам можа быць змененая мера стрымання — гэта «прызнанне віны, пакрыццё шкоды ў кратным памеры і вызначэнне месца працы».
Што тут важна разумець? Заключэнне пад варту — гэта мера стрымання. Па законе яна можа прымяняцца толькі калі ёсць даказаныя падставы меркаваць, што знаходзячыся на волі, чалавек можа схавацца або перашкодзіць расследаванню (артыкул 117 КПК). І павінна адмяняцца, калі такіх падстаў няма.
І няма такога закона, у якім бы прымяненне або змяненне меры стрымання ставілася ў залежнасць ад таго, прызнае чалавек віну ці не, згодны ён з вяртаннем шкоды ці не, і ўжо тым больш ад таго, у якой установе чалавек пагодзіцца працаваць.
Таму што базавы прынцып крымінальнага працэсу — прэзумпцыя невінаватасці, то-бок па законе чалавек лічыцца невінаватым, пакуль яго віна не будзе «ў прадугледжаным законам парадку даказаная і ўстаноўленая прысудам суда, які ўступіў у законную сілу» (артыкул 26 Канстытуцыі Беларусі).
Значыць, нішто не павінна перашкаджаць чалавеку пярэчыць, не згаджацца, аспрэчваць абвінавачванне — гэта найважнейшы элемент права на абарону.
Абумовіць змяненне меры стрымання тым, каб чалавек прызнаў віну па абвінавачванні, з якім ён можа быць не згодны, — гэта значыць, пазбавіць чалавека права на абарону.
Красамоўная ілюстрацыя прававога становішча грамадзяніна ў крымінальным працэсе.