Тры месяцы ў ПКТ спала басанож на халоднай бетоннай падлозе. Андрэй Шарэнда распавёў пра сваю нязломную жонку
Андрэй Шарэнда распавёў у Facebook, што яго жонка Паліна ў калоніі правяла 50 сутак у ШІЗА (карцары) і тры месяцы — у ПКТ (памяшканні камернага тыпу).
20.04.2022 / 13:51
«Стала вядома, што агулам за паўгода ў гомельскай жаночай калоніі Паліна правяла 50 сутак у ШІЗА (карцары) і тры месяцы яе пратрымалі ў ПКТ (памяшканьні камернага тыпу). Тры месяцы ў ПКТ Паліна спала басанож на халоднай бетоннай падлозе, а ў самой камеры з крана ішла толькі халодная іржавая вада, і тое вельмі слабым струменем.
Але Паліна з жартамі ўспрыняла свой «суд» і новы тэрмін. «Самы цёмны час — перад світаннем!» — упэўненая яна. Паліна нават з-за кратаў бачыць, што дыктатарскія сістэмы спарахнелі, параслі цвіллю і хутка пойдуць на дно следам за рускім ваенным караблём. Паліна жадае поспехаў украінцам. А беларусаў заклікае не спыняцца ў сваёй барацьбе:
«Мы — разам!
Цяпер мы Нацыя, вартая Волі!
Не спыняемся!» — напісаў Андрэй Шарэнда.
Летась Паліну Шарэнду асудзілі па трох крымінальных справах: паводле арт. 364 КК («Гвалт альбо пагроза выкарыстання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных справаў»), арт. 368 («Абраза прэзідэнта») і арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»). Далі два гады калоніі. На свабоду яна мела выйсці сёлета ў верасні. У лютым 2020 года яе абвінавацілі ў злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы і дадалі яшчэ адзін год.
- Падтрымаць Паліну можна лістамі, а таксама бандэролямі з прысмакамі па адрасе: СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А, Шарэнда-Панасюк Паліне Сяргееўне.