З Беларусі эвакуявалі чалавека з незвычайным хобі. Ён выказваў грамадзянскую пазіцыю, проста бегаючы
З Беларусі ўдалося выехаць ад пераследу чалавеку з незвычайным хобі. Ён сур'ёзна займаецца бегам, а паколькі не любіць аднастайныя маршруты па 5-6 разоў на тыдзень, то пракладае маршруты так, каб ствараць GPS-малюнкі. У яго арсенале дзясяткі такіх малюнкаў, сярод якіх і на грамадска-палітычную тэматыку: «Пагоня», Бабарыка, супраць вайны ў падтрымку Украіны і шмат іншых. Урэшце з-за гэтага давялося ўцякаць, піша Фонд салідарнасці BYSOL.
20.04.2022 / 19:46
Вадзім Сіманаў
Мінчанін Вадзім Сіманаў — спецыяліст па продажах. Бегаць пачаў з дабрачыннага паўмарафона больш за пяць гадоў таму, а праз нейкі час трапіў у школу падрыхтоўкі да наступнага забегу, уцягнуўся ў спорт і здабыў новае асяроддзе.
У 2020 годзе яго захапіла агульная плынь прагі да пераменаў у краіне:
«Я не хаваў ніколі сваю пазіцыю, бегаў па раёне са сцягам, хадзіў на дваровыя маршы, маляваў арт. Мне ўжо летась прыходзіла позва «на размову» за фота ў сацсетках, але ўсё скончылася гутаркай па тэлефоне».
Цяпер жа ўсё куды больш сур'ёзна:
«Перад рэферэндумам у лютым 2022 года, па адрасе маёй прапіскі да былой жонкі «прылятаў натоўп касманаўтаў», шукалі мяне. Добра, што дзеці былі ў школе, не бачылі жаху. Я так зразумеў, што яны рабілі так з усімі больш-менш актыўнымі».
Урэшце на мінулым тыдні чалавеку прыйшла яшчэ адна позва ў паштовую скрыню, а на вайбер прыйшло «запрашэнне» ў суд па адміністрацыйнай справе 19.11 частка 2. Участковы растлумачыў, што выклікаюць на размову за інтэрв'ю, якое я даваў СМІ, за мой бег, за рэпосты экстрэмісцкіх матэрыялаў у сацсетках. Разумеючы, што гэта значыць, Сіманаў выехаў з Беларусі ў Тбілісі.
Эвакуяваўся, як сцвярджае, за 10 хвілін, захапіўшы толькі заплечнік, а ў ім бегавыя красоўкі. У Тбілісі новае жыццё пачаў з прабегу на 10 км, якім выпісаў слова «ЖЫВЕ».
Апошнія «творы» Вадзіма Сіманава, зробленыя яшчэ падчас знаходжання ў Беларусі:
Больш пра Вадзіма Сіманава — у гэтым відэа.