Украіна будзе дамагацца прызнання Беларусі разам з Расіяй краінай — спонсарам тэрарызму

Украіна хоча, каб міжнародная супольнасць прызнала Беларусь краінай — спонсарам тэрарызму, паведамляе Офіс прэзідэнта Украіны.

20.04.2022 / 22:33

Пахаванне аднаго з мірных грамадзян, што загінулі ў Бучы

Група ўкраінскіх і міжнародных экспертаў 20 красавіка прадставіла план рэкамендацый для міжнароднай дэмакратычнай супольнасці па комплексе далейшых эканамічных мер, скіраваных на прымус расійскага кіраўніцтва да хутчэйшага спынення вайны ва Украіне і максімальнае павелічэнне кошту агрэсіі для Расеі.

Адным з ключавых кірункаў санкцыйнай палітыкі называецца прызнанне Расіі і Беларусі дзяржавамі — спонсарамі тэрарызму, а Узброеных сілаў РФ — тэрарыстычнай арганізацыяй.

Акрамя таго, у плане згадваецца поўная забарона на расійскі экспарт энерганосьбітаў, пашырэнне санкцый супраць фінансавых сектараў Расіі і Беларусі, узмацненне транспартных і страхавых санкцый, пашырэнне гандлёвых эмбарга і персанальных санкцый.

Таксама ў плане адзначаецца важнасць увядзення другасных санкцый і сінхранізацыі намаганняў дэмакратычных краін у санкцыйнай палітыцы.

З'яўленне Расіі і Беларусі ў спісе дзяржаў — спонсараў тэрарызму азначала б увядзенне санкцый супраць любой краіны, якая будзе працягваць весці з імі нармальнае эканамічнае супрацоўніцтва.

Nashaniva.com