Кніга пра айчынную вайсковую сімволіку «беларускага Хуга Боса» прызнана экстрэмісцкай
Кніга Віктара Ляхора «Ваенная гісторыя Беларусі. Героі. Сімвалы. Колеры» прызнана экстрэмісцкімі матэрыяламі і ўключаная ў адпаведны спіс на сайце Мінінфарма, піша reform.by.
21.04.2022 / 08:11
Фота: асабісты архіў
Рашэнне аб прызнанні кнігі экстрэмісцкай прыняў суд Ленінскага раёна Гродна 18 красавіка.
Віктар Ляхор — вядомы беларускі мастак-геральдыст, член Геральдычнай рады пры прэзідэнце з 2001 па 2018 год, аўтар дзясяткаў гербаў і сцягоў беларускіх населеных пунктаў і раёнаў. Таксама ён — распрацоўшчык формы і эмблем для сілавых структур Беларусі, у тым ліку АМАПа, ГУБАЗіКу. «Можна сказаць, што я Хуга Бос, які СС маляваў мундзіры», — казаў Ляхор «Медыязоне».
Кніга 2019 года «Ваенная гісторыя Беларусі. Героі. Сімвалы. Колеры» — ілюстраванае выданне пра вайсковую сімволіку на беларускіх землях.
Сёлета ў студзені Віктар Ляхор пакінуў Беларусь. Мастак працягвае атрымліваць заказы, у тым ліку, з Беларусі — да яго звяртаюцца з просьбай распрацаваць гербы гарадоў і раёнаў.
— І ў геральдычнай радзе бачаць, што я раблю гербы і сцягі. І зацвярджаюць іх. І Лукашэнка зацвярджае іх, — кажа геральдыст.