Блогер Максім Шабуцкі пакінуў Беларусь
На ютуб-канале Максім Шабуцкі паведаміў, што гісторыя яго ўцёкаў «з канцлагера Беларусь» заслугоўвае асобнага вялікага аповеду.
21.04.2022 / 12:03
Ён падзякаваў кіберпартызанам, фонду BYSOL за дапамогу з эвакуацыяй, а таксама беларусам, якія падтрымалі яго.
Асобна ён перадаў прывітанне беларускім сілавікам, якія за паўтара года, паводле Шабуцкага, не змаглі яго ўзяць.
Шабуцкі кажа, што пераходзіў мяжу праз калючы дрот, а памежнікі з сабакамі не змаглі яго затрымаць. «Бо вы як былі некампетэнтнымі, так і застаняцеся такімі», — сказаў ён.
Шабуцкі — загадкавая постаць беларускага падполля. Былы міліцыянер стаў вядомы сваімі відэа на Ютубе, якія ён запісваў, паводле яго, у поўнай канспірацыі, увесь час хаваючыся ў Беларусі ад пераследу.