У Іспаніі знойдзеныя мёртвымі расійскі мільянер, яго жонка і дачка. Гэта ўжо другі падобны выпадак за тры дні

Былы топ-менеджар расійскай газавай кампаніі «Наватэк» Сяргей Пратасеня, яго жонка і дачка знойдзеныя мёртвымі ў горадзе Льёрэт-дэ-Мар у Іспаніі. Пра гэта паведамляе «Мядуза» са спасылкай на тэлеканал Telecinco.

21.04.2022 / 15:03

Па даных тэлеканала, целы жонкі топ-менеджара Наталлі і 18-гадовай дачкі з нажавымі раненнямі былі знойдзеныя ў пакоях вілы, што належыць сям’і. Цела самога Пратасені знайшлі ў садзе. Ён загінуў ад удушэння, побач з ім былі сякера і нож.

Мяркуецца, што топ-менеджар забіў жонку і дачку, пасля чаго скончыў жыццё самагубствам.

Па інфармацыі тэлеканала, сямʼя Пратасені жыла ў Францыі, а ў Іспанію яны прыехалі на велікодныя святы.

Капітал былога топ-менеджара «Наватэка» ацэньваецца ў 400 мільёнаў еўра, паведамляе тэлеканал.

18 красавіка ў Маскве былі знойдзеныя мёртвымі былы віцэ-прэзідэнт Газпрамбанка Уладзіслаў Аваеў, яго жонка і непаўналетняя дачка. Па папярэдніх даных, банкір забіў сямʼю, пасля чаго пакончыў з сабой.

Nashaniva.com