Як фота жанчыны з немаўлём у кіеўскім метро стала абразом у храме Неапаля
У першыя дні ўварвання Расіі ва Украіну сацсеткі і СМІ абляцела фота жанчыны, якая корміць грудзьмі на платформе кіеўскага метро. Фатаграфія стала не проста віруснай — па яе матывах намалявалі карціну, а потым і абраз, які знаходзіцца ў адным з храмаў Неапаля, піша «Бі-бі-сі».
21.04.2022 / 17:42
Жанчына з немаўлём у метро — гэта кіяўлянка Таццяна Блізнюк з дачкой Марычкай, якой на момант, калі была зробленая фатаграфія, толькі-толькі споўнілася два месяцы. 25 лютага Таццяна з мужам Міхаілам, дачкой і мопсам Фібі спусціліся ў метро, калі ў Кіеве пачалася паветраная трывога.
Фота Таццяны, якая корміць немаўля, прыхінуўшыся да халоднай мармуровай сцяны метрапалітэна, зрабіў венгерскі журналіст выдання Teleks Андраш Фельдэш. Ён апублікаваў яго ў сябе ў «Інстаграме». Здымак імгненна стаў вірусным.
Ілюстратар Марына Саломеннікава з Дняпра ўбачыла фатаграфію Таццяны, гартаючы стужку навін.
«У маёй галаве адразу склаліся ўсе пазлы ўбачанага і прачытанага — гэтая жанчына з дзіцем была сімвалам усіх украінскіх маці, якія павінны хавацца ад расійскай зброі ў бамбасховішчах», — распавядае Марына.
Яна паказала Таццяну на фоне схемы руху цягнікоў Кіеўскага метрапалітэна — нібыта з залатым німбам над галавой.
«Украінскія жанчыны самыя адважныя і моцныя», — падпісала сваю працу Марына.
Пасля гэтага ілюстрацыю Марыны апублікаваў у сябе на старонцы кансультант Ватыканскага Сакратарыята па сувязях з грамадскасцю Джэймс Марцін.
Выяву жанчыны з німбам назвалі Кіеўскай Мадоннай, а Марына Саломеннікава сціпла кажа, што проста зрабіла добрую ілюстрацыю.
Нядаўна Кіеўская Мадонна стала абразом у храме італьянскага Неапаля, яна знаходзіцца ў капліцы пры школе сясцёр-францішканак.
Фота абраза ў сябе апублікаваў украінскі святар-езуіт Вячаслаў Окунь, які цяпер вучыцца ў Рыме.