Шарль Мішэль: Еўрасаюз выдзеліў 1,5 млрд еўра на закупкі цяжкіх узбраенняў для Украіны. І выканае свае абяцанні

Кіраўнік Еўрапейскай рады Шарль Мішэль, які днямі пабываў з візітам у Кіеве, паведаміў, што краіны Еўрасаюза з пачатку расійскага ўварвання ва Украіну выдзелілі 1,5 млрд еўра на закупкі цяжкіх узбраенняў — для бязвыплатнай перадачы Украіне.

21.04.2022 / 23:38

Шарль Мішэль. Скрыншот з відэа

Па словах Мішэля, такое пагадненне было заключана неўзабаве пасля пачатку ўварвання, хоць дасягнуць яго аказалася няпроста з-за адрозненняў у пазіцыях шэрагу краін.

«Нам неабходна пастаўляць вам зброю. Па меркаваннях бяспекі пра гэта будзе няшмат навін, але мы выканаем свае абяцанні», — сказаў Шарль Мішэль у інтэрв'ю украінскім журналістам.

У ходзе паездкі ў Кіеў ён правёў перамовы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскі, паведаміўшы, што 5 траўня з канферэнцыі фінансавых донараў пачнецца існаванне Фонду салідарнасці з Украінай — для збору сродкаў на аднаўленне краіны.

Па словах Уладзіміра Зяленскага, шкода, нанесеная расійскім уварваннем, ужо цяпер такая, што Украіне для аднаўлення спатрэбіцца па 7 млрд даляраў у месяц. 

Nashaniva.com