«У мяне дзіцячая наіўная мара — разам з імі заехаць у горад Мінск». Байцоў батальёна Каліноўскага трэніруе 69-гадовы афіцэр
Мікалай Молакаў — найстарэйшы баец у батальёне Каліноўскага. Ён палкоўнік у адстаўцы, яго спецыяльнасць — вайсковая разведка, а прыйшоў дапамагаць абараняць Украіну ў якасці інструктара па выжыванні. Раней рыхтаваў разведчыкаў і спецназ. Хоць сам ён па паходжанні рускі, а грамадзянін Украіны, у беларускім батальёне адчувае сябе на сваім месцы.
23.04.2022 / 07:00
Мікалай Молакаў. Скрыншот з відэа
Калі мужчына пасля пачатку вайны звярнуўся ў тэрабарону, яму адмовілі: «Вам жа вельмі шмат гадоў!» Узялі толькі на блокпост, ён прабыў там два дні і занудзіўся, зразумеў, што не ягонае. А вось у беларускім батальёне шматгадовую вывучку афіцэра ацанілі і запрасілі ў свае шэрагі, хоць і не адразу.
«Мы падпарадкоўваемся правілам УСУ, а гэта значыць, у батальён могуць ісці людзі з 18 да 60 гадоў. Але ў якасці выключэння мы ўзялі Мікалая, бо ў яго вялікі баявы досвед, ён удзельнічаў у Афганскай вайне, у вайне 2014 года, і яму ёсць што расказаць. Ён сапраўды якасна і добра трэніруе нашых байцоў. Калі ў кагосьці ёсць такі ж выдатны досвед, то ўзрост — не перашкода для ўступлення да нас», — патлумачылі Фонду салідарнасці BYSOL у прэс-службе батальёна Кастуся Каліноўскага.
«Я лічу сябе рускім, мама і тата — рускія. Але грамадскія фармацыі мяняюцца, прэзідэнты мяняюцца, а людзі застаюцца. Калі ты чалавек з характарам, з воляй, то ты ім і застаешся незалежна ад нацыі.
У гэтай вайне Украіна класна выглядае. Я задаволены, што я тут. Я шмат дзе пабываў у Расіі, але ў нас лепшае грамадства, дастатак і стан жыцця. Нянавісці да рускіх не адчуваю, хоць у баі ад мяне яны літасці не дачакаюцца. З палоннымі будзем размаўляць па-іншаму, не так як яны з нашымі салдатамі.
Так, я займаюся падрыхтоўкай батальёна Каліноўскага.
Самі беларусы мне падабаюцца. Чаму? Калі людзі прыходзяць па позве ваенкамата, хочаш-не хочаш, ісці трэба, інакш — турма. Іншая справа, калі людзі праз усе перашкоды, што ім ставіць рэжым Лукашэнкі, прабіраюцца сюды праз Польшчу, «гараць» (ідэяй). Яны ўсё церпяць, каб навучыцца правільна валодаць зброяй і прайсці падрыхтоўку.
У мяне дзіцячая наіўная мара — разам з імі заехаць у горад Мінск, пад рэзідэнцыю Лукашэнкі.
Мне прыемна, што я апынуўся яшчэ карысным і краіне, і беларусам! Мой пазыўны «МММ»: гэта проста, бо гэта першыя літары маіх ініцыялаў на ўкраінскай мове», — расказаў афіцэр Youtube-каналу батальёна.