«Гаспадар адмовіўся браць грошы». Беларусы, якія працягваюць здымаць кватэры ў Кіеве, распавялі пра свой досвед

Пасля пачатку вайны ва Украiне з Кіева шмат хто аператыўна з’ехаў. Не ўсе з тых, хто здымаў жыллё, паспелi дамовiцца з уласнiкамi нерухомасцi, што рабiць далей. Некалькі беларусаў, якія жылі (ці яшчэ жывуць) у Кіеве, распавялі, як складваюцца іх адносіны з гаспадарамі кватэр. 

24.04.2022 / 11:02

Кіеў. Фота: УНІАН

«Момант з аплатай не абмяркоўваў, але я зараз фізічна не магу плаціць за кватэру»

Былы аператар, а зараз і вядучы YouTube-канала «ЧестнОК» Яраслаў Пісарэнка ў Кіеў прыехаў летам 2021-га. Спачатку жыў у сяброў, але потым знайшоў сабе кватэру. За жыллё тады прыйшлося пазмагацца.

«Конкурс быў недзе чалавекі чатыры на месца. Выявілася, што знайсці жыллё ў Кіеве не так проста. Кватэра двухпакаёвая, знаходзіцца на Пазняках — гэта спальны раён. За яе аддаваў 500 даляраў і дадаткова камунальныя», — кажа Яраслаў.

Яраслаў у Кіеве. Фота: інстаграм

З гаспадыняй Аленай беларус бачыўся 23 лютага. Яна зайшла ў госці, каб забраць аплату за кватэру.

«Зразумела, абмеркавалі і вайну. Але ні я, ні гаспадыня ў рэальнасць такіх падзей не верылі. Дапускалі, што нешта можа пачацца, але наўрад ці поўнамаштабная вайна з бамбёжкамі. Алена, праўда, сказала, што на ўсялякі выпадак бамбасховішча ў доме ўладкавалі і, калі што, ёсць куды бегчы. Карацей, я аддаў грошы за кватэру і ў той жа дзень паехаў да сваякоў на захадзе Украіны. Папярэдзіў Алену, што з’еду на пару дзён».

Як толькі Яраслаў прыйшоў у сябе раніцай 24 лютага, адразу падумаў пра кватэру. Тым больш там застаўся яго пашпарт.

«Маўчу ўжо пра іншыя рэчы, якія мне былі неабходныя. Вярнуцца ў Кіеў на той момант было немагчыма. Я спрабаваў згадаць, ці зачыніў вокны і ўсё такое. Моцна не замарочваўся, бо сваіх праблем было зашмат. Толькі калі тэлеграм-каналы публікавалі відэа бамбардзіровак, прыкідваў, ці далёка гэта ад майго дома. Таксама трошкі думаў пра марадзёраў, якія ўскрывалі кватэры і рабавалі іх, — пералічвае малады чалавек. — Але больш за ўсё перажываў за сваіх сяброў».

Яраслаў патэлефанаваў гаспадыні кватэры у першы ж дзень вайны — пажартаваў, што прагнозы нешта не спраўдзіліся, і запытаўся, ці ўсё ў яе добра. 

«Калі шчыра, я яшчэ нават не абмяркоўваў момант з аплатай кватэры. Ды і фізічна я не магу за яе заплаціць: мае ўкраінскія карты заблакавалі, а іншых у мяне няма. З гаспадыняй у нас заключаны дагавор, але, думаю, усе моманты будзем вырашаць ужо калі сітуацыя стане спакайнейшай. Тым больш што я яшчэ планую жыць далей у гэтай кватэры», — расказвае хлопец. 

«Адзінае, за што плацім, — гэта камуналка»

Сябра ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі Аляксандра Моладава і яе муж Арцём з’ехалі з Беларусі яшчэ восенню 2020-га, а ў Кіеў прыехалі жыць у красавіку 2021 года. Цяпер яны здымаюць двухпаёўку за 400 даляраў. 

«Загадзя мы з уласнікамі вайну не абмяркоўвалі. Праз два дні пасля яе пачатку нам патэлефанаваў гаспадар і запытаўся: «Вы дзе?» Адказалі: «Дома». Ён сказаў, што тады заедзе, — расказвае беларуска. — А ў нас аплата якраз гэтымі днямі была: 24-га мы павінны аплачваць мінулы месяц. Гаспадар адмовіўся, сказаў, што грошы непатрэбныя пакуль. А потым, маўляў, разбярэмся, бо зараз усе ў шоку». 

Фота: «Суспільні. Новини»

Зараз ідзе другі месяц без аплаты, хутка будзе трэці. З’язджаць з Кіева Аляксандра з мужам не плануюць. Кажуць, што ім важна адчуваць сябе фізічна блізка да радзімы. І нават з Беларусі яны б ніколі не з’ехалі, калі б ім не пагражала турма. Сям’я праходзіць па крымінальнай справе па артыкуле 293 КК (удзел у масавых беспарадках) — за адзін з пікетаў у Гомелі. 

«Адзінае, што мы зараз плацім, — гэта за камуналку. Гаспадар не прасіў, але мы на картку яму пераводзім, — кажа Аляксандра. — Увогуле выявілася, што ў нас вельмі чалавечныя гаспадары. У іх ёсць сябры-беларусы, з якімі яны пазнаёміліся недзе на адпачынку. Як я зразумела, тыя беларусы — «ябацькі». То-бок карціна свету, якую яны апісваюць, вельмі адрозніваецца ад той, што апісваю я. Наш гаспадар яшчэ якраз з той катэгорыі людзей, якім цяжка паверыць у нешта дрэннае, таму ён больш верыў сваім сябрам. Але як толькі пачалася вайна, беларускія сябры яму заявілі, што ўкраінцы — нацысты. З таго часу ўжо мы з гаспадаром лепшыя сябры. Чалавек зразумеў, што сталася ў Беларусі і што мы расказвалі праўду».

Аляксандра сама раней дапамагала беларусам выехаць з краіны, разабрацца з жытлом, з іншымі праблемамі і ніколі не брала за гэта грошы. «Жыццё вяртае мне добрымі людзьмі», — усміхаецца суразмоўца.

«Гаспадар нават не тэлефанаваў, я сам настойваю на аплаце»

Станіслаў (імя зменена па просьбе героя) працуе на кіеўскую кампанію, па яе запрашэнні і пераехаў летась ва Украіну.

«Кватэру здымаю са сваім сябрам, які таксама беларус, жыву там ад лістапада. Кватэра на правым беразе, у раёне станцый метро «Сырэц» і «Берасцейская». Гаспадар — выдатны чалавек, украінскамоўны. З часам я пачаў «дуже розуміти» ўкраінскую.

Суразмоўца траціць на кватэру прыкладна 300-400 даляраў у месяц. Столькі ж працягвае плаціць і зараз, бо пасля пачатку вайны застаўся ва ўкраінскай сталіцы.

Фота: DW

«У першы дзень была паніка і думкі з’ехаць у Польшчу, там ёсць сябры. Але зразумеў, што лепш мы будзем тут дапамагаць, чым можам, як валанцёры».

Гаспадар кватэры, па словах Станіслава, ставіцца да іх з сябрам пазітыўна. Пытанняў да таго, што яны беларусы, не ўзнікае.

«Ён нам нават яшчэ не тэлефанаваў наконт аплаты за арэнду, я сам настойваю. Праца ў мяне ў IT, і наша кампанія не прыпыняла сваю дзейнасць. Таму, дзякуй богу, прыход грошай ёсць. У гаспадара кватэры такая пазіцыя: «Плаціце, калі ёсць магчымасць, а калі не — галоўнае, каб у вас хапала на ежу». У наступным месяцы, калі ўсё будзе добра, ён плануе да нас заехаць паглядзець, як мы жывем».

Дарэчы, праблемы з заблакаванай украінскай карткай у Станіслава няма, бо яго кампанія выкарыстоўвае электронныя гаманцы для налічэння зарплаты.

«З пачатку вайны нічога не плаціў»

Генадзь пераехаў у Кіеў у верасні 2021 года. Кажа, што прычынай была не столькі палітыка, колькі тое, што ў Мінску стала сумна: усе сябры з’ехалі з Беларусі ва Украіну.

«Спачатку доўга шукаў кватэру, бо быў з сабакам. Два тыдні тэлефанаваў па нумарах кругласутачна. Потым разышоўся са сваёй дзяўчынай, сабака застаўся ёй. Але ўсё адно ў лістападзе і снежні было цяжка знайсці жыллё, — расказвае Генадзь. — У Кіеве ў прынцыпе цяжка з кватэрамі: вялікі попыт, а прапаноў мала». 

Варыянт знайшоўся каля метро «Лук'янаўская», за 15 хвілін хады. За кватэру Генадзь аддае каля 500 еўра ў месяц, плюс камунальныя (яшчэ ад 60 да 90 еўра). Асобна малады чалавек заплаціў дэпазіт.

«У гэтай кватэры я «жыву» дагэтуль, хаця пасля пачатку вайны з’ехаў у Варшаву. Калі пачалася вайна, я быў у адпачынку ў Карпатах. Не верыў у вайну да раніцы 24 лютага, калі мне пачалі тэлефанаваць бацькі, сябры з Мінска. Дарэчы, гаспадар кватэры мне заўсёды казаў, што калі вайна і будзе, то ўкраінцы дадуць ***** [пытлю] рускім. А да мяне ён добра ставіцца, толькі сказаў неяк, што «ваш звар’яцелы таксама ў гэтым удзельнічае». Мы пасмяяліся, ды і ўсё». 

Разбурэнні ў Кіеве ў раёне станцыі «Лук'янаўская». Здымак ілюстрацыйны. Фота: КМДА

З гаспадаром Генадзь дамовіўся пачакаць, калі ўсё скончыцца, і потым паглядзець, што рабіць. Да таго ж і сам уласнік кватэры ў выніку з’ехаў з Украіны.

«Ён зараз з мяне грошай не патрабуе, усё разумее. То-бок я яму з пачатку вайны нічога не плаціў і не буду, пакуль вайна не скончыцца», — тлумачыць Генадзь. Дагавор у мужчыны быў складзены на паўгода. 

«Далі некалькі дзён, каб заплаціць, інакш вынесуць рэчы з кватэры»

Але ёсць і іншыя гісторыі. Алена (імя змененае) пераехала з Мінска ў Кіеў вясной 2021 года. Першыя тры месяцы жыла з калегай, але потым вырашыла здымаць кватэру адна. Варыянт знайшоўся хутка, Алена абрала аднапакаёўку за 370 даляраў у месяц.

Калі пачалася вайна, дзяўчына ў той жа дзень паехала ў Польшчу — калегі прапанавалі ёй месца ў аўтобусе. З гаспадарамі кватэры загадзя сцэнар вайны беларуска не абмяркоўвала, бо ні яна, ні яны не верылі ў сур’ёзнасць баявых дзеянняў. 

«Атрымалася так, што ў сярэдзіне лютага я заплаціла за сакавік, і вось у сярэдзіне сакавіка настаў момант плаціць за красавік. Я ўвогуле не разлічвала, што прыйдзецца застацца ў Польшчы так надоўга: былі думкі, што вось зараз трохі папужаюць ракетамі, і можна будзе вярнуцца, — прызнаецца Алена. — З’язджала з 50 далярамі, карткі ўкраінскіх банкаў заблакавалі, а іншых у мяне не было». 

Помнік князю Уладзіміру Вялікаму ў Кіеве. Фота: «Суспільні. Новини»

Амаль адразу пасля пераезду ў Польшчу Алена атрымала зарплату. Але праз складанасці на новым месцы дзяўчына вырашыла спытаць гаспадароў кіеўскай кватэры, ці можна знізіць аплату, бо фактычна жыць у кватэры зараз немагчыма.

«На гэтую просьбу мне адказалі нешта кшталту «кошт прапісаны ў дамове, калі ласка, паглядзі туды». Пасля чаго даслалі рэквізіты карткі — трэба было перавесці аплату. Зрабіць гэта было праблематычна: карткі, акрамя заблакаванай, у мяне так і не з’явілася, таму я папрасіла даць мне час знайсці выйсце, — кажа Алена. — Здавалася б, мы дамовіліся. Але ўжо праз пару дзён гаспадар зноў пісаў з пытаннем, дзе грошы». 

Тады дзяўчына яшчэ раз патлумачыла абставіны. Адказ гаспадара быў даволі жорсткім: ён даў Алене некалькі дзён, каб яна заплаціла за кватэру, а калі гэтага не адбудзецца, то яны вынесуць рэчы.

«Тое, што ў іх ёсць заклад яшчэ на адзін месяц, іх не хвалявала. На шчасце, перавесці грошы ў мяне ў выніку атрымалася. Таму на некаторы час праблем больш не ўзнікне». 

Алена здзівілася, што такую рэакцыю выклікала нават просьба пра адтэрміноўку, а не адмова плаціць увогуле.

«Напэўна, проста людзям патрэбны грошы і няважна, вайна ці не вайна, — усміхаецца дзяўчына. — Увогуле я ўжо хачу вярнуцца і жыць у гэтай кватэры і далей, бо цэны на жыллё засталіся прыкладна на такім жа высокім, даваенным, узроўні. І па ўмовах дамовы, калі я з’еду менш чым праз год, я пакідаю заклад гаспадарам. Шукаць недзе грошы на новы заклад я не хачу». 

Каментар юрысткі: «Ва Украіне вусныя дамоўленасці ў грамадзянскім праве маюць такую ж сілу, як і пісьмовыя»

На пытанні пра праблемы, якія могуць узнікнуць з арэндай жытла, адказала кандыдатка юрыдычных навук i заснавальніца ўкраінскага «Агенцтва нерухомасці» Галіна Вараб’ёва. 

Многія беларусы ў сітуацыі, якая склалася, з’ехалі з Кіева на захад Украіны ці ўвогуле за мяжу. Як паказала практыка, большасць з іх не прыпынялі дзейнасць дагавораў. Але нічога страшнага ў гэтым няма.

«З пункту гледжання дзейнага закона Украіны, узніклі надзвычайныя абставіны, якія прымушаюць дзейнічаць насуперак намеру. Усе дамовы не працуюць. Але заўсёды застаюцца чалавечыя адносіны, — кажа Галіна Вараб’ёва. — У маёй практыцы 100% арандатараў папярэдзілі ўладальнікаў кватэр і дамовіліся, бо яны, безумоўна, былі не супраць ад’езду». 

Што тычыцца кватэр, якія зараз прастойваюць з-за таго, што арандатар, напрыклад, у Германіі і вяртацца ў бліжэйшы час не збіраецца, то адносіны наконт іх рэгулююцца вуснымі дамоўленасцямі. 

«Ва Украіне вусныя дамоўленасці ў грамадзянскім праве маюць такую ж сілу, як і пісьмовыя, — тлумачыць юрыстка. — У маёй практыцы больш за ўсё сітуацый, калі кватэра стаіць закрытая без аплаты, але арандадаўца просіць аплочваць камунальныя паслугі».

Кейсы, калі гаспадар кватэры не бярэ грошы падчас вайны, але потым іх запатрабуе, па словах Галіны Вараб’ёвай, незаконныя.

«Таксама мне невядомыя выпадкі, каб арандадаўца «выставіў» рэчы арандатара для вызвалення кватэры. Але калі такое здарылася, то арандатару трэба звярнуцца ў паліцыю і патрабаваць пакрыцця стратаў», — раіць Галіна Вараб’ёва.

Што будзе ў горшай сітуацыі — калі арандатар ці арандадаўца загінулі падчас вайны? У такім выпадку дагавор аўтаматычна страчвае сілу.

Nashaniva.com