ЗША паабяцалі Украіне новую ваенную дапамогу

Дзярждэп ЗША пацвердзіў, што дзяржсакратар Энтані Блінкен і міністр абароны Лойд Осцін у нядзелю ў Кіеве сустрэліся з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Гэта першы візіт высокапастаўленых амерыканскіх чыноўнікаў ва Украіну пасля пачатку расійскага ўварвання. Ён быў закрытым і пра яго не паведамлялася афіцыйна.

25.04.2022 / 07:58

Энтані Блінкен. Фота AP

Украіне была абяцаная дадатковая вайсковая дапамога на суму 713 млн даляраў.

«Хочацца, каб мы мелі цяжкае магутнае ўзбраенне», — казаў Зяленскі да сустрэчы, дадаўшы, што ў апошні тыдзень сітуацыя з пастаўкамі зброі палепшылася.

Па словах Блінкена, у панядзелак Байдэн прызначыць новага пасла ЗША ў Украіне. Папярэдняя пасол Мары Яванавіч завяршыла працу ў Кіеве датэрмінова, у 2019 годзе.

Новым амбасадарам, як чакаецца, стане Брыджыт Брынк, цяперашняя амбасадарка ЗША ў Славакіі.

Дзяржсакратар ЗША таксама паабяцаў, што ў Кіеў пачнуць паступова вяртацца дыпламаты, якія з'ехалі з-за вайны.

Пасля Кіева міністр абароны ЗША Осцін накіруецца ў Нямеччыну, дзе на амерыканскай базе Рамштайн правядзе сустрэчу з прадстаўнікамі 20 краін для абмеркавання вайсковай дапамогі Украіне.

Nashaniva.com