Пры пажары ў НДІ войскаў паветрана-касмічнай абароны ў расійскай Цверы загінулі 17 чалавек

17 чалавек загінулі ў выніку пажару ў будынку Цэнтральнага даследчага інстытута паветрана-касмічнай абароны РФ у расійскай Цверы. Пра гэта паведамляецца на сайце ўрада рэгіёна.

25.04.2022 / 13:44

«На жаль, на гэты момант афіцыйна пацверджаная колькасць загінулых павялічылася да 17 чалавек, апазнана пяцёра з іх», — гаворыцца ў паведамленні.

Пажар у НДІ войскаў паветрана-касмічнай абароны ў Цверы, спецыялісты якога сярод іншага займаліся распрацоўкай ракетных сістэм «Іскандэр», адбыўся 21 красавіка.

Агульная плошча ўзгарання дасягнула 2,5 тысячы квадратных метраў. Патушыць яго ўдалося толькі на наступны дзень. Да тушэння прыцягнулі больш за 240 чалавек, звыш 60 адзінак тэхнікі і верталёт Мі-8. Разбор згарэлых канструкцый працягваецца.

Усяго з будынка выратаваныя 54 чалавекі, яшчэ 98 эвакуіяваныя. Каля 30 чалавек у выніку пажару пацярпелі. Ваенныя следчыя распачалі крымінальную справу аб парушэнні патрабаванняў пажарнай бяспекі, што пацягнула па неасцярожнасці смерць двух або больш асоб (частка 3 артыкула 219 КК РФ)

Nashaniva.com