Выяўлена яшчэ адно масавае пахаванне каля Марыупаля

На спадарожнікавых здымках ваколіц Марыупаля, як мяркуецца, выявілі ўжо трэцяе масавае пахаванне. На здымкі звярнулі ўвагу журналісты «Схемаў», праекта ўкраінскай службы Радыё Свабода.

25.04.2022 / 19:36

Месца новага масавага пахавання — пасёлак Стары Крым. Яго з 10 сакавіка кантралююць расійскія войскі. Адлегласць да Марыупаля — каля 5 кіламетраў.

Першыя траншэі даўжынёй 60—70 метраў з'явіліся на Старакрымскіх могілках 24 сакавіка.

На спадарожнікавым здымку ад 7 красавіка месца пахавання павялічылася, а частка траншэй ужо была закапаная.

На здымку 24 красавіка з'явіліся новыя траншэі, а агульная працягласць пахавання стала больш за 200 метраў.

Параўнанне спадарожнікавых здымкаў Planet за 24 сакавіка 2022 года і 24 красавіка 2022 года масавага пахавання ў пасёлку Стары Крым каля Марыупаля

У каментары «Схемам» мэр Марыупаля Вадзім Бойчанка расказаў, што ўладам вядома пра тое, што расійскія вайскоўцы вывозяць целы загінулых жыхароў Марыупаля на тэрыторыю Старакрымскіх могілак, дзе хаваюць іх у месцах масавага пахавання.

«Нам вядома пра гэтыя брацкія магілы, таму што гэтыя фашысты — і ў мяне няма іншых слоў — прыцягваюць да справы пахавання мясцовае насельніцтва, за ежу. Яны нам і паведамілі, што трэба «працагадзін» напрацаваць, каб табе далі ежу, ваду… Цяпер у Марыупалі недастаткова гуманітаркі, якую яны завозяць, таму людзі вымушаныя гэта рабіць», — расказаў Вадзім Бойчанка.

Раней масавыя пахаванні марыупальцаў пабачылі каля акупаванай вёскі Вінаграднае і пасёлка Мангуш (даўжыня 300 мэтраў).

Nashaniva.com