Беларусы ставяць рэкорды па куплі нерухомасці ў Польшчы

Масавая эміграцыя стала ключавым фактарам таго, што ў мінулым годзе беларусы ператварыліся ў аднаго з галоўных дзеючых суб'ектаў на польскім рынку нерухомасці. За кошт у паўтара раза ўзрослай актыўнасці фізічных асоб у куплі кватэр і дамоў у Варшаве, Уроцлаве і іншых гарадах Беларусь апярэдзіла Нідэрланды і Вялікабрытанію і заняла чацвёртае месца ў рэйтынгу замежных пакупнікоў польскай нерухомасці, піша officelife.media.

26.04.2022 / 23:26

Варшава. Фота: Unsplash / Michal Mrozek

Паводле справаздачы міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы, прадстаўленай нядаўна ў польскім Сейме,

агульная плошча набытай у 2021 годзе беларускімі грамадзянамі і кампаніямі нерухомасці ў гэтай краіне склала звыш 42 тыс. кв. м. Гэта новы рэкорд ад часу незалежнасці Беларусі.

Папярэдні максімум быў зафіксаваны ў 2019 годзе, калі фізічныя і юрыдычныя асобы з Беларусі сталі гаспадарамі каля 31 тыс. кв. м жылля і камерцыйных плошчаў у Польшчы. У 2020-м, для параўнання, ім былі выдадзеныя дазволы на куплю прыкладна 27 тыс. кв. м жылой і нежылой нерухомасці.

Два гады таму беларускія грамадзяне і кампаніі змаглі апярэдзіць па набытых плошчах рэзідэнтаў Францыі і Кіпра, а па выніках 2021-га яны зрабілі гэта яшчэ і з нідэрландцамі і брытанцамі.

Такім чынам, беларусы ўпершыню ў гісторыі падняліся на чацвёртае месца як самыя актыўныя купцы польскай нерухомасці, прапусціўшы наперад толькі ўкраінцаў, немцаў і юрыдычных ды фізічных асоб з Люксембурга. 

Але калі прысутнасць у топ-10 пакупнікоў польскай нерухомасці Люксембурга і Кіпра і ў большай меры Нідэрландаў і Іспаніі забяспечылі інвестуючыя ў гэты сегмент кампаніі, то асноўныя плошчы на рахунак паказчыка Беларусі і астатніх краін з дзясяткі ўнеслі фізічныя асобы.

Nashaniva.com