Вольгу Брыцікаву асудзілі ўжо пяты раз запар, яна будзе сядзець як мінімум 75 сутак

Сёння ў судзе Наваполацка пяты раз запар асудзілі старшыню незалежнага прафсаюза «Нафтан» Вольгу Брыцікаву, якую затрымалі яшчэ 27 лютага. Справу разглядала сумнавядомая мясцовая суддзя Зінаіда Балаболава, піша «Вясна».

27.04.2022 / 19:47

Пяты пратакол на Вольгу зноў склалі па арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне). Папярэднія чатыры пратаколы супраць актывісткі былі за антываенныя акцыі пратэсту. 

Брыцікаву прызналі вінаватай і зноў пакаралі 15-сутачным арыштам. Яе ўтрымліваюць у часовым ізалятары горада Ушачы.

Вольга Брыцікава — старшыня незалежнага прафсаюза «Нафтан». У жніўні 2020 года яна публічна выказала патрабаванні супрацоўнікаў «Нафтана», а ў першыя дні вайны запісала відэазварот, у якім выказалася супраць нападу Расіі на Украіну.

Nashaniva.com