«Беларусь не падставіць Расіі плячо з якаснай тэхнікай, бо сама без імпарту яе не зробіць» — эканамічны эксперт
На сустрэчы з губернатарам Варонежскай вобласці Аляксандрам Гусевым Аляксандр Лукашэнка 28 красавіка заявіў, што беларускія прадпрыемствы гатовыя забяспечыць Расію любой тэхнікай, асабліва ва ўмовах сыходу з краіны заходніх кампаній. Наколькі гэта рэалістычна, у інтэрв'ю праекту «Филин» тлумачыць эканаміст, кіраўнік праекта «Кошт урада» Уладзімір Кавалкін.
29.04.2022 / 00:50
Уладзімір Кавалкін
— Забяспечыць можна — але пытанне, якой якасці гэтая тэхніка будзе і з якіх камплектуючых сабраная.
Калі мы гаворым пра ўзоры тэхнікі, характэрныя для 70—80-х гадоў мінулага стагоддзя, то, напэўна, такую тэхніку ўласнымі сіламі можна вырабіць. Іншае пытанне — ці будуць задаволеныя кліенты такой якасцю. Калі мы гаворым пра рухавікі, пра карбюратары, якія не адпавядаюць ніякім нормам «Еўра» па экалагічнасці, па эканамічнасці расходу паліва і гэтак далей.
Калі ж мы гаворым пра замену, дапусцім, Scania або Volvo, ці яшчэ нейкіх буйных міжнародных брэндаў, то нават з імпартнымі камплектуючымі беларускі МАЗ гэта зрабіць не зможа.
Калі ўжо мы гаворым пра тое, што цяпер МАЗ, МТЗ і іншыя беларускія прадпрыемствы вырабляюць, то так, там жалязякі самі — тое, што можна выкаваць, пафарбаваць — будуць вырабленыя з расійскага металу ў нас. А вось што тычыцца рознай электронікі, то гэта ж усё абсалютна імпартнае.
Можна вырабіць самазвал МАЗ, але без добрай імпартнай помпы высокага ціску ад фірмы Bosh ён не паедзе. Вы можаце вырабіць вялікую колькасць жалязяк, якія не ездзяць. І цалкам магчыма, што, нават звёўшы імпарт у кошце аўтамабіля да 5—10%, можна атрымаць сітуацыю, калі без канкрэтна гэтай шрубкі або помпы тэхніка проста не заводзіцца і не едзе. Вось увогуле і ўсё імпартазамяшчэнне на гэтым заканчваецца.
Пытанне ва ўмовах гэтых санкцый — ці будзе магчымасць далей вырабляць усё тое, што выраблялі да гэтага.
— Губернатар Варонежскай вобласці заявіў, што можна закупляць медыцынскае абсталяванне, якое вырабляецца ў Беларусі. Адгукнуўся пра яго як пра якаснае, адпаведнае чаканням, якія ёсць у расійскай медыцынскай супольнасці. Што скажаце з гэтай нагоды?
— Зусім нядаўна Галоўчанка заяўляў пра праблемы з пастаўкамі ў Беларусь медыцынскага абсталявання і запасных частак да высокатэхналагічных апаратаў — заходнія партнёры падвялі. Вось у гэтых умовах ці можна верыць у тое, што Беларусь возьме і забяспечыць Расію неабходнымі прыборамі медыцынскага прызначэння тады, калі яна сама іх імпартуе? На мой погляд, няма.
— Ці атрымаецца ў Беларусі зарабіць на пастаўках пасажырскай, камунальнай, сельскагаспадарчай тэхнікі ў Расію?
— Даволі складана сказаць. Гэта будзе вельмі моцна залежаць ад таго, наколькі сінхранізуюцца санкцыі ў дачыненні да Беларусі і Расіі. Вядомая рэч, што па меры таго, як рэжым Лукашэнкі будзе спрабаваць зарабляць традыцыйна, што называецца, на перакіданні — нешта купляць і прадаваць, а маржу сабе пакідаць, краіны Захаду будуць за гэтым сачыць і паволі ўводзіць санкцыі ў дачыненні да Беларусі, каб гэта не было магчымым.
Таму нейкія грошы з дапамогай хітрых схемаў яны, вядома, заробяць, але пра тое, што гэта стане бізнэсам на гады наперад, можна не марыць. Ужо калі нехта на перакіданні і заробіць, то якія-небудзь трэція краіны па-за межамі Эўрасаюза, Беларусі, Расіі і Украіны. Напрыклад, Турцыя. Праз яе можна будзе спрабаваць што-небудзь пастаўляць на Расію. Або праз краіны былога Савецкага Саюза — праз Узбекістан, скажам.
Да Беларусі будзе пільная ўвага, бо краіна ўспрымаецца як суагрэсар, таму ўсе дзіркі будуць вельмі хутка закрывацца.