СІЗА Брэста перапоўнены палітзняволенымі — ліст з-за кратаў
Абвінавачванне некаторых трымаецца выключна на матэрыялах праслушкі.
29.04.2022 / 10:34
Зінаіда Міхнюк — адна з прафсаюзных актывістак, зняволеных у Беларусі.
«СІЗА №7 Брэста перапоўнены палітзняволенымі, — гаворыцца ў лісце, які перадаў з-за кратаў адзін з вязняў. — На 10 чалавек у камеры — па 7—8 палітычных».
Аўтар ліста таксама расказвае дэталі справы прафсаюзнай актывісткі Зінаіды Міхнюк.
60-гадовую Зінаіду Міхнюк абвінавачваюць па артыкуле 369 КК «Абраза прэзідэнта», які цяпер масава выкарыстоўваецца для палітычных рэпрэсій. Паводле інфармацыі іншага зняволенага, Міхнюк абвінавачваюць на аснове матэрыялаў з праслушкі, якая стаяла ў яе, як у актывісткі прафсаюза РЭП.
Афіцыйны статус палітзняволенага праваабаронцы на сёння надалі 1165 чалавекам, рэальная колькасць палітрэпрэсаваных у Беларусі нашмат большая, не ўсе імёны вядомыя. Усяго ў краіне праз затрыманні за апошнія два гады прайшло каля 45 тысяч чалавек.
Спіс вядомых праваабаронцам палітвязняў, якія ўтрымліваюцца ў СІЗА Брэста, можна ўбачыць тут.