«Падчас агляду ў мяне проста адваліўся палец на назе». Гісторыя ўкраінца, які вярнуўся з расійскага палону пакалечаным

Мікіта Горбань сядзіць, скрыжаваўшы ногі, на старым сталёвым бальнічным ложку, і праводзіць пальцамі па бінце на назе — там, дзе раней былі пальцы. На ім усё яшчэ тая вопратка, у якой рускія адправілі яго дадому, — вайсковая зялёная футболка і спартыўныя штаны. Ён бледны, худы і выглядае нашмат старэйшым за свой 31 год. «Я моцна схуднеў, — кажа ён, гледзячы ўніз. — Я дрэнна выглядаю». Ён мяняе становішча на ложку. Прайшло каля двух тыдняў з таго часу, як ён можа стаяць, і яму даводзіцца рэгулярна рухаць нагамі, каб яны не балелі. Пра тое, праз што давялося прайсці гэтаму чалавеку разам з сотнямі і тысячамі іншых украінцаў, піша Бі-бі-сі.

29.04.2022 / 17:50

У Запарожжы яркі вясновы дзень, але расіяне праводзяць бамбардзіроўкі рэгіёна, таму вокны ў бальніцы прыцемненыя. Паветра ў палаце гарачае і нясвежае.

Мікіту вярнулі ва Украіну ўсяго тры дні таму ў рамках абмену палоннымі і даставілі ў гэтую бальніцу разам з іншым мужчынам. Яны правялі тры змрочныя тыдні ў турме ў Расіі. Іншы мужчына, 28-гадовы Сяргей Васіліга, вярнуўся з ампутаванымі абедзвюма нагамі. «Яму не так пашанцавала, як мне», — кажа Мікіта.

Перамовы аб абмене палоннымі вядзе віцэ-прем'ерка Ірына Верашчук. «На гэтым абмене былі цяжкапараненыя — ампутаваныя канечнасці, сэпсіс, іншыя цяжкія траўмы», — распавяла Верашчук.

«Былі відавочныя прыкметы катаванняў, — дадала яна. — Гісторыі, якія яны нам распавядалі, жудасныя».

На працягу пяці дзён пасля вяртання Мікіта мусіў насіць вопратку, у якой яго вярнулі, з рускай маркіроўкай

Выпрабаванні Мікіты пачаліся ў пачатку сакавіка, калі расійская армія ўвайшла ў Андрэеўку, маленькае сяло на захад ад Кіева. Мікіта, лабарант кіеўскай бальніцы, хаваўся ў халодным вільготным склепе з маці, яе мужам Сашам, жонкай і пяцігадовым сынам. Саша быў айчымам Мікіты, але яны ўжо даўно лічылі адзін аднаго бацькам і сынам.

Расіяне хадзілі па дамах, выцягнулі двух мужчын са склепа і збілі, распавёў Мікіта. «Была стральба, у вёсцы забівалі людзей, гэта было жудасна», — успамінае ён. Ім завязалі вочы і пад руляй зброі адвялі ў поле, дзе катавалі.

У Мікіты ёсць свежы шнар на костачцы пальца — паводле ягоных слоў, ён застаўся пасля таго, як расіяне зацягнулі гаечны ключ вакол костачкі і круцілі яго, пакуль скура не трэснула. Ён чуў іншых людзей вакол сябе, але не ведаў, колькі іх было.

«Усё, што я памятаю — я думаў, дзе мой бацька? А калі яго больш няма са мной?», — кажа ён.

Рускія забралі ў іх боты, напоўнілі вадой і зноў абулі. Тады вязняў прымушалі ляжаць тварам да зямлі на марозе. «Мы так ляжалі тры—чатыры ночы, пад дажджом, і ўсё больш замярзалі», — кажа Мікіта.

Дом Мікіты ў Андрэеўцы

Калі ён больш не чуў расіян паблізу, Мікіта ціха спытаў: «Тата, ты тут?» І голас Сашы ціха адказаў. Яны былі разам. З тых часоў яны працягвалі размаўляць, калі гэта здавалася бяспечным, запэўніваючы адзін аднаго, што яны побач.

Калі яны ляжалі ў полі, ногі Мікіты моцна змерзлі. Неўзабаве ён зусім не мог іх адчуваць. Потым блізка да іх пачалі падаць снарады, абвяшчаючы пра сябе гучным плясканнем. «Мы доўга так ляжалі на зямлі, зноў і зноў развітваючыся з жыццём», — кажа Мікіта.

У рэшце рэшт іх паднялі з зямлі на грузавікі. З завязанымі вачыма Мікіта спрабаваў ацаніць, колькі прайшло часу. У нейкі момант іх аб'ядналі з іншай групай зняволеных і пагрузілі на верталёты.

Пачаўся голад — з таго часу, як іх забралі, ім далі толькі адну міску кашы, кавалак хлеба і печыва, распавёў Мікіта. З верталётаў іх перасадзілі на самалёт. Мікіта адчуў, як рухавікі круцяцца, а самалёт нясецца па ўзлётнай паласе і ўзлятае.

Ён меркаваў, што знаходзіўся з 10 ці 12 іншымі зняволенымі. «Усё ў парадку?» — сказаў ён уголас, пад гук рухавікоў. «Так, я ў парадку», — адказаў Саша.

Надзя Галуменкава трымае фатаграфіі ўнука Мікіты (злева) і сына Сашы (справа) з сынам Мікіты Арцёмам

У сяле жонкі Мікіты і Сашы, Надзея і Святлана, разам з сынам Мікіты Арцёмам перамясціліся са свайго склепа ў большае сховішча пад домам суседа. Яны не ведалі, дзе іх мужы.

Праз некалькі дамоў пачалі хвалявацца і Сашавы бацькі, Надзея і Уладзімір. Саша перастаў адказваць на іх званкі, але немагчыма было выйсці з дому, каб даведацца, ці ў бяспецы ён. Вакол вёскі падалі снарады, а падчас перапынкаў у абстрэлах рускія салдаты рабавалі дамы.

Больш за месяц падчас акупацыі ніводная сям'я не ведала, ці жывы хто-небудзь з іх родных.

У нейкі момант Мікіта і Саша перасеклі паветраную прастору Расіі, і грузавы самалёт пачаў зніжацца. Іх адвезлі ў лагер, дзе нарэшце знялі павязкі з вачэй і яны ўбачылі адзін аднаго. Яны абняліся.

Мікіта сказаў, што рускія таксама катавалі гаечным ключом і Сашу, але горш, і адзін з ягоных пальцаў звісаў на ласкуце цягліц і скуры.

Яго даставілі ў палявы шпіталь для лячэння. Зняўшы павязку, Мікіта нарэшце ўбачыў свае ногі. Ягоныя пальцы на нагах пачарнелі. Ён ведаў, што атрымаў моцнае абмаражэнне ад холаду, і звярнуўся па медыцынскую дапамогу. У палявым шпіталі высушылі і перабінтавалі пальцы ног, але больш нічога не зрабілі.

Яму зноў абулі боты, і пасля пяці дзён знаходжання ў лагеры вязняў на грузавіках перавезлі ў СІЗА № 1 — турму расійскага горада Курск.

Уладзімір Галуменкаў дома ў Сашы і Мікіты 

Новых зняволеных апранулі ў форму, пастрыглі валасы і сказалі, што іх «вакцынуюць» — як аказалася, гэта быў эўфемізм для збіцця, кажа Мікіта. Калі іх з Сашам закрылі ў камеры разам з 10 іншымі, Мікіта ўсё больш пераконваўся, што можа страціць абедзве нагі.

«У тую першую ноч я зразумеў, што не магу ні адчуваць, ні кантраляваць свае ногі наогул, — успамінаў ён. — І яны пачалі жудасна смярдзець».

У іншых зняволеных была такая ж сумная сітуацыя. Некаторыя пазней страцілі цэлыя канечнасці.

Догляд у турме быў мінімальным — прышчэпка антыбіётыкам і змена павязкі раз у тры дні. Па словах Мікіты, турэмны лекар сказаў яму: «У нас тут добрыя лекі, але гэта не для вас».

Зняволеныя забаўлялі адзін аднаго ў камеры, успамінаючы пра свае сем'і і расказваючы анекдоты. Іх прымушалі вучыць патрыятычныя рускія песні на памяць і выконваць іх для гвардзейцаў, — распавёў Мікіта.

«Гімн Расеі, яшчэ адна агідная песня, што ўслаўляе Пуціна. Нам іх раніцай далі і сказалі вывучыць да абеду», — кажа ён.

Па яго словах, іх дапытвалі два-тры разы ў дзень і білі. Пасля іх прымусілі падпісаць дакументы аб тым, што з імі добра абыходзіліся, кармілі і не прычынялі шкоды — так яны даведаліся, дзе яны знаходзяцца, паколькі на дакументах стаяў штамп «Курскі СІЗА 1».

Пасля трох тыдняў зняволення стан ног Мікіты рэзка пагоршыўся, і яго разам з двума іншымі перавялі ў бальніцу. Хірург сказаў, што яму ампутуюць усе пальцы ног. «Яны тады былі ў такім дрэнным стане, што падчас агляду ў мяне проста адваліўся палец на назе», — успамінае ён.

Ён правёў тыдзень у шпіталі пасля аперацыі, перш чым чыноўнік там сказаў яму, што яго і некалькіх іншых цяжка параненых мужчын адправяць дадому, «каб імі займаліся іх сем'і».

Ірына Верашчук расказала ВВС, што расіяне спрабавалі абмяняць цывільных закладнікаў на расійскіх ваеннапалонных ва Украіне — крок, забаронены Жэнеўскай канвенцыяй. «Таму яны захапілі ўсіх гэтых закладнікаў — мірных жыхароў, жанчын, работнікаў мясцовых радаў, каб паспрабаваць іх выкарыстоўваць», — сказала яна.

«Мы ведаем, што там больш за тысячу закладнікаў — у тым ліку амаль 500 жанчын. Мы ведаем, што яны знаходзяцца ў турмах і СІЗА ў Курску, у Бранску, у Разані, у Растове», — дадала віцэ-прем'ерка.

Мікіту так і не павезлі ў Курскую турму, дзе ён апошні раз бачыў Сашу. З бальніцы яго зноў павялі на самалёт, на гэты раз у Сімферопаль у Крыме. Расійскія ўлады паведамілі Верашчук, што ў іх няма свабодных карэт хуткай дапамогі, таму цяжкапараненых везлі на абмен цягам пяці гадзін на грузавых платформах.

Мікіту прыйдзецца зноўку вучыцца хадзіць

На месцы сустрэчы расіяне паклалі на шашы параненых на насілках і сышлі, а ўкраінскія салдаты падышлі і забралі іх.

Мікіта ўсё яшчэ не верыў, што ён ва Украіне — аж да моманту, калі адзін з салдат паглядзеў яму ў вочы і сказаў па-ўкраінску: «Сардэчна запрашаем дадому, дружа».

«Я быў ашаломлены, — сказаў ён. — Я ведаў, што вярнуўся на радзіму». Але ён не ведаў, ці жывая яго сям'я. Ён нічога не ведаў пра тое, што адбылося ва Украіне на працягу апошняга месяца.

Мікіта даў украінскаму чыноўніку нумар жонкі Надзеі і чакаў, сэрца калацілася ў грудзях.

«Я проста чакаў гудкоў, каб ведаць хаця б, што яе тэлефон працуе, — сказаў ён. — Потым пачаліся гудкі, яна скінула званок, і я ведаў, што яна жывая». З другой спробы Надзея адказала. Яна сказала яму, што яны з Арцёмам у Бельгіі, і яны ў бяспецы.

«Пяць хвілін мы проста плакалі ў слухаўку, — кажа Мікіта. — Мы спрабавалі пагаварыць адзін з адным, але не маглі. Па маіх шчоках цяклі слёзы. Я проста пачуў, як яна павіталася, і не мог удыхнуць».

Надзея патэлефанавала Сашаваму брату Вячаславу і яго бацькам Надзеі і Уладзіміру, каб паведаміць ім навіну. «Мы цяпер ведаем, што Саша быў жывы, калі Мікіта з'ехаў, але гэта было два тыдні таму, — распавяла мне ягоная мама Надзея. — Так што мы ўсё яшчэ тут чакаем і спадзяемся. У нас яшчэ не ўсё добра».

Брат Сашы Вячаслаў і ягоная жонка

Пасля вяртання ва Украіну Мікіта спрабаваў арганізаваць перавод з Запарожжа ў кіеўскую бальніцу, дзе ён працаваў. Працэс тармазіўся. Але раптам у аўторак раніцай да яго прыйшла медсястра і паведаміла, што ён едзе дадому.

Пасля доўгай паездкі ў карэце хуткай дапамогі Мікіту прывезлі ў кіеўскую бальніцу, дзе яго сустрэлі як героя. Яго адвезлі ў асобны пакой з вялікім адкрытым акном з відам на хвоі.

Раніцай у сераду да яго прыйшлі загадчык медыцынскага аддзялення і галоўны хірург. Яны з хваляваннем чакалі весткі пра Мікіту, і абодва расплакаліся пасля яго вяртання. Двое іншых іх калег, шлюбная пара, нядаўна загінулі разам з дзецьмі ад расійскага снарада.

«Ягонае вяртанне так шмат значыць для нас, — сказаў хірург Юрый Шыленка. — Яму трэба будзе наноў навучыцца хадзіць, але мы зробім усё для яго».

Мікіта абуў бальнічныя тапачкі і прадэманстраваў поспехі — устаў і зрабіў некалькі крокаў. Урачы абмяркоўвалі ягоныя планы аднаўлення. Але ён не вельмі слухаў.

«У мяне ў галаве толькі адно, — сказаў ён, калі яны сышлі. — Паехаць да жонкі і сына».

Мікіта Горбань у Кіеве

Nashaniva.com