Наста Кудасава. Дзе сасна мне насустрач выйдзе… Верш

Паэтка апублікавала новы верш у сваім фэйсбуку.

30.04.2022 / 15:43

Наста Кудасава. Фота: фэйсбук паэткі

дзе сасна мне насустрач выйдзе,
там і дом мой.
я губляюся ў краявідзе
пакрыёма…
я не памятаю ні мовы,
ні радзімы.
што мне вырай твой жалудовы,
лебядзіны?
што мне цёплага твайго поля
ціхі подых?
я крычу і крычу ад болю
ў вечных родах.
адарвіся ж ад сэрца, краю
ссатанелы!
што я вынесла з твайго ралі?
што тут мела?
што здабыла ў тваёй карыдзе?
толькі стому…
дзе сасна мне насустрач выйдзе,
там і дом мой.

Nashaniva.com