У Крамлі шукаюць замену тэрміну «дэнацыфікацыя», бо расіяне яго не разумеюць

Як піша выданне «Праект», вынікі апытанняў у канцы лютага паказалі, што расіяне не могуць растлумачыць значэнне слова «дэнацыфікацыя» і з цяжкасцю яго вымаўляюць.

04.05.2022 / 10:52

Фота: АР

 Па звестках суразмоўцаў выдання, прыкладна праз тыдзень пасля пачатку вайны сацыёлагі па замове адміністрацыі прэзідэнта РФ правялі закрытыя тэлефонныя апытанні аб стаўленні расіян да асноўных тэзісаў прапаганды. З іх высветлілася, што грамадзяне не разумеюць і не могуць толкам растлумачыць тэрмін «дэнацыфікацыя». Людзям было складана нават вымавіць гэтае слова, сцвярджае адна з крыніц «Праекта».

«Пасля гэтага ў нас пачаўся бардак — кожны тыдзень шукалі новыя словы, але нічога ўдалага падабраць не ўдалося», — заявіў выданню суразмоўца, блізкі да Крамля.

З-за гэтага ўлады вырашылі скараціць выкарыстанне слова «дэнацыфікацыя» ў эфіры.

У першым выпуску «Вясцей тыдня» Дзмітрый Кісялёў сем хвілін казаў пра «дэнацыфікацыю». Ужо ў красавіку ён прамаўляў гэтае слова некалькі разоў за выпуск ці абыходзіўся без яго.

Nashaniva.com