Злоўжываеце алкаголем? Ваша скура гэта пакажа

Алкаголь з крывёю размяркоўваецца па ўсіх сістэмах чалавечага арганізма. Вось як на злоўжыванне алкаголем рэагуе наша скура.

07.05.2022 / 10:43

Фота: pixabay.com

Калі ўжываць занадта шмат алкаголю, гэта перашкодзіць самым розным працэсам у арганізме, у тым ліку абмену рэчываў. Алкаголь выклікае абязводжванне, што ўплывае на выгляд твару: скура робіцца менш пругкай і больш сухой, на ёй часцей з’яўляецца раздражненне і мікратраўмы.

Тыя, хто п’е занадта шмат, больш схільныя да бактэрыяльных і грыбковых інфекцый і знаходзяцца пад павышанай рызыкай развіцця скурных захворванняў — напрыклад, псарыязу. Скура такіх людзей старэе больш хутка, у ёй запавольваецца выраб калагену і бялку — асноўных будаўнічых кампанентаў скуры.

Алкаголь таксічна ўплывае на тканкі і праз гэта ў іх парушаецца засваенне карысных рэчываў. Недахоп вітамінаў і мінеральных элементаў выклікае праблемы з імунітэтам скуры і развіццё непрыгожых змен скуры на твары, валасы і ногці такіх людзей робяцца больш ломкімі. У асноўным алкаголікам не хапае кальцыю, магнію, жалеза і цынку, а таксама вітамінаў А, В2, С, Е, К. Недахоп вітаміна С, напрыклад, выклікае з’яўленне цёмных сінякоў пад скурай, а таксама запавольвае зажыўленне ран.

У тых, хто злоўжывае алкаголем, скура больш цьмяная, яна мае непрыгожы шэра-жоўты колер, на такой скуры хутчэй з’яўляюцца маршчыны. На скуры залежных ад алкаголю часцей лопаюцца капіляры, можна адзначыць таксама пашырэнне сасудаў — вось адкуль бярэцца пачырваненне шчок і носа. У дадатак на скуры могуць з’явіцца вялікія чырвоныя плямы — гэта сімптом неперанасімасці алкаголю.

Адзіны эфектыўны спосаб пазбавіцца ад гэтага пачырванення скуры — значна знізіць спажыванне алкаголю або ўвогуле адмовіцца ад яго.

Акрамя таго, ёсць і іншыя прыкметы «алкагольнай» скуры — сінія цені, ацёкі і мяшкі пад вачамі. Усё гэта не проста прыдае вам неэстэтычны і стомлены выгляд, такія з’явы могуць таксама быць праявамі пагаршэння стану ўнутраных органаў, напрыклад, нырак або печані. Калі вы заўважаеце ў сябе гэтыя сімптомы, неадкладна адмаўляйцеся ад алкаголю, інакш наступствы могуць быць дужа дрэннымі.

Сярод распаўсюджаных сімптомаў злоўжывання алкаголем сверб на скуры. Прычын у яго шмат: алергія на алкаголь, церазмернае высыханне скуры праз абязводжванне арганізма, захворванні печані і жоўцевыводзячых шляхоў, а таксама пухліны — алкаголь павышае рызыку развіцця раку.

Ці мае значэнне тое, колькі ты п'еш?

Аднаразовае ўжыванне малых доз алкагольных напояў, хутчэй за ўсё, не выклікае значных дрэнных наступстваў. Але калі за адзін раз выпіць шмат ці ўжываць алкаголь сістэматычна, вынікам могуць стаць значныя праблемы са здароўем.

Колькі ж алкаголю ўжываць бяспечна? СААЗ лічыць, што гэта залежыць ад пола і ад рэгулярнасці ўжывання такіх напояў. Калі размова пра аднаразовае ўжыванне алкаголю, бяспечная доза для мужчын складае не больш за 60 грамаў 100%-нага алкаголю, то-бок не больш за 3 паўлітровыя бутэлькі піва, 3 келіхі віна па 200 мілілітраў ці 180 мілілітраў гарэлкі. У выпадку з жанчынамі раяць не перавышаць дозу ў 40 грамаў 100%-нага алкаголю ці не больш за 2 паўлітровыя бутэлькі піва, 2 келіхі віна па 200 мілілітраў ці 120 мілілітраў гарэлкі.

Але, калі чалавек ужывае алкаголь рэгулярна, эксперты раяць устрымлівацца ад яго не менш за 2 дні на тыдзень. Для мужчын максімальная доза павінна скласці не больш за 40 грамаў 100%-нага алкаголю (2 паўлітровыя бутэлькі піва, 2 келіхі віна па 200 мілілітраў ці 120 мілілітраў гарэлкі), а для жанчын — не больш за 20 грамаў 100%-нага алкаголю (паўлітровая бутэлька піва, 200 мілілітраў віна ці 60 мілілітраў гарэлкі).

«Нашу Ніву» фінансуюць яе чытачы — падтрымаць проста

Чытайце таксама:

14 найлепшых і найгоршых прадуктаў для вашай печані

Nashaniva.com