Напад Расіі змусіў украінцаў іншымі вачыма паглядзець на Бандэру
Да 2022 года ролю Сцяпана Бандэры ў гісторыі Украіны пазітыўна ацэньвала толькі траціна ўкраінцаў. Цяпер — тры чвэрці.
04.05.2022 / 16:48
Украінская сацыялагічная група «Рэйтынг» правяла даследаванне ідэалагічных маркераў украінскага грамадства ва ўмовах вайны.
Калі раней, да пачатку вайны, фігура Сцяпана Бандэры выклікала супярэчнасці, і пазітыўна яго ролю ў гісторыі ацэньвала толькі траціна ўкраінцаў (яшчэ траціна — негатыўна), то з пачаткам вайны ва Украіне вакол фігуры Бандэры ўстанавіўся грамадскі нацыянальны кансэнсус — цяпер яго ролю пазітыўна ацэньваюць тры чвэрці ўкраінцаў.
Калі раней Бандэру лічылі героем на захадзе Украіны, то цяпер пазітыўнае стаўленне да ідэолага ўкраінскага нацыяналізму пераважае і ў паўднёва-ўсходніх рэгіёнах, у тым ліку сярод рускамоўных украінцаў.
Адметна, што Пуцін абгрунтоўвае сваю вайну супраць Украіны «дэнацыфікацыяй». Пад так званай «дэнацыфікацыяй» расіяне разумеюць дэўкраінізацыю, русіфікацыю, насаджэнне ва Украіне сваёй, расійскай версіі гістарычнай памяці і сваіх прынцыпаў дзяржаўнага ладу па аналогіі з тым, што адбылося ў Беларусі, Прыднястроўі і «ДНР». У «дэнацыфікацыю» (як яе разумеюць расіяне) уваходзіць і дыскрэдытацыя Сцяпана Бандэры.
Але, як мы бачым, пуцінскія «шматхадовачкі» прывялі да процілеглых вынікаў: Бандэра становіцца героем для ўсіх украінцаў.
Хто такі Бандэра?
Сцяпан Бандэра быў стваральнікам Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў, што ў 1930—50-я гады вяла ўзброеную барацьбу за незалежнасць Украіны. Бандэры ўдалося зрабіць незалежніцкі рух папулярным.
Постаць Бандэры выклікае рэзкае непрыманне ў Расіі, бо ён арганізаваў масавы і паспяховы ўзброены супраціў саветам. Украінскія ж гісторыкі ў ацэнцы Бандэры падзяліліся. Нацыяналісты і дзяржаўнікі высока ацэньваюць яго постаць, лібералы і левыя ставяцца да яго негатыўна.
З аднаго боку, ён узначаліў узброеную барацьбу за незалежнасць Украіны спачатку супраць палякаў, пасля — супраць нацыстаў і саветаў. З другога боку, яго арганізацыя выкарыстоўвала тэрарыстычныя метады. У вайне супраць палякаў АУН распаўсюдзіла тэрор на мірнае насельніцтва.
У перыяд да 1941 года АУН супрацоўнічала з нямецкімі нацыстамі. Аднак немцы адправілі кіраўнікоў арганізацыі, у тым ліку Бандэру, у канцлагер, калі тыя 30 чэрвеня 1941 года абвясцілі Украіну незалежнай.
Распаўсюджаны фэйк, што гэта «бандэраўцы» палілі вёскі ў Беларусі. Ён не адпавядае гістарычнай праўдзе: Бандэра на той момант ужо быў арыштаваны нацыстамі. У знішчэнні Хатыні ды іншых зладзействах разам з эсэсаўцамі ўдзельнічалі калабаранцкія падраздзяленні, складзеныя з прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей. У іх пераважна ўваходзілі былыя савецкія ваеннапалонныя, пастаўленыя перад выбарам: або галодная смерць у лагеры, або служба нацыстам.
Бандэру ў 1959 годзе забіў агент савецкага КГБ, які з часам раскаіўся ў сваім учынку і перабег на Захад.
Прэзідэнт Юшчанка надаў Бандэру званне Героя Украіны. Януковіч гэты ўказ адмяніў.
Украінскія нацыяналісты шануюць чырвона-чорны сцяг АУН нароўні з дзяржаўным, жоўта-блакітным.
Нацыяналістычныя ідэі атрымалі новае распаўсюджанне ва Украіне ў адказ на захоп Расіяй Крыма і часткі Данбаса ў 2014-м.
Сёння постаць Бандэры ўшаноўваецца таксама ва ўкраінскіх сілавых структурах.