Ці дапаможа расійскай арміі мабілізацыя? Вось што кажа папулярны амерыканскі аналітык

Старшы навуковы супрацоўнік амерыканскага Інстытута даследаванняў знешняй палітыкі Роб Лі дзеліцца сваім меркаваннем пра вайну ва Украіне. Публікуем частку яго інтэрв'ю «Медузе».

08.05.2022 / 19:02

Знішчаная расійская тэхніка ва Украіне. Фота: Rodrigo Abd / AP

— Як можна ацаніць тое, што цяпер адбываецца на вайне ва Украіне?

— Скончылася бітва за Кіеў — гэта была самая амбіцыйная і недаступная мэта Расіі. Апошнія два-тры тыдні [расійская армія] сфакусаваная на Данбасе і асобных частках поўдня Украіны. Расія захоплівае нейкія тэрыторыі, але незразумела, што будзе адбывацца ў далейшым. Ва Украіны пабудаваная добрая абарона ва [ўсходнім] рэгіёне, а Расія ўжо панесла сур'ёзныя страты, што ўскладняе наступ.

Як будзе развівацца сітуацыя, не да канца зразумела, але не думаю, што Расія захавае значную частку [акупаваных] тэрыторый. А далейшы захоп можа ўскладніцца з-за паставак ад НАТА [ва Украіну]: высокадакладная зброя, баражыруючыя боепрыпасы — усе яны вельмі эфектыўныя.

Цяпер кожны магчымы ход Пуціна звязаны з рызыкай. Напрыклад, пры рашэнні аб мабілізацыі ён нясе вялікія ўнутрыпалітычныя рызыкі. Таксама незразумела, наколькі эфектыўнымі будуць рэзервісты і навабранцы.

Але без абвяшчэння аб мабілізацыі Расіі будзе цяжка пратрымаць вайну ў бягучым стане [нават] да восені. Расійская армія панесла цяжкія страты і будзе працягваць страчваць войска.

Не думаю, што ў такіх умовах Украіна пойдзе на якія-небудзь сур'ёзныя кампрамісы. Не факт, што яна пагодзіцца на дээскалацыю канфлікту нават пры спробе дээскалацыі з боку Расіі. На мой погляд, у гэтым выпадку Украіна, магчыма, можа адваяваць Данбас — нават разам з тэрыторыямі, якія да 24 лютага былі пад кантролем Расіі.

Так што ні адзін з гэтых варыянтаў развіцця падзей не будзе добрым [для Пуціна]. Але найбольш верагодная сітуацыя ў бліжэйшы час — гэта працяг прыкладна таго, што адбываецца цяпер. На працягу наступнага месяца лінія фронту не будзе значна зрушвацца, але будзе весціся актыўны артылерыйскі агонь.

— Ці падобна ўсё гэта на тое, што Пуцін вырашыў весці працяглую вайну на знясіленне?

— Праблема Расіі ў тым, што калі б яна засяродзіла ўсе свае вайсковыя сілы і выкарыстала эфект нечаканасці падчас першых двух тыдняў вайны, а таксама выціснула максімум са свайго камандавання, то, верагодна, змагла б дасягнуць большага поспеху. Усё гэта вельмі моцна ўдарыла б па арміі Украіны.

Разбуранае пасля расійскага нападу сяло Бышаў пад Кіевам, 27 сакавіка 2022 г. Фота: Rodrigo Abd / AP

Яшчэ адна праблема ў тым, што войска РФ ужо церпіць ад праблем з пастаўкамі. І асабліва церпяць падраздзяленні, якія здзяйсняюць ваенныя манеўры: ПДВ, марская пяхота, спецназ. Усе яны ўжо панеслі вялікія страты.

Калі Расія панясе яшчэ больш страт сярод гэтых падраздзяленняў, то ўзнікае пытанне: як яна будзе хаця б утрымліваць занятыя пазіцыі пры наступе ўкраінскіх сіл? Найбольш верагодны сцэнарый — пабудова абарончых умацаванняў з абодвух бакоў і пачашчэнне артылерыйскага агню. І, хутчэй за ўсё, усё гэта стане вайной на знясіленне.

— Расіі ўдалося вырашыць хаця б частку праблем у забеспячэнні арміі, якія былі на пачатку ўварвання?

— Галоўнай праблемай на пачатку вайны стала тое, што большасці расійскіх вайсковых частак не сказалі загадзя, што яны адпраўляюцца на вайну. Рашэнні, прынятыя ў той момант, не ўлічвалі планаванне паставак на такі працяглы тэрмін. Пастаўкі частак для тэхабслугоўвання, вады, ежы звычайна плануюцца загадзя, але часу на планаванне, мабыць, не далі. Такі ход вельмі пашкодзіў лагістыцы.

Яшчэ адзін важны аспект заключаецца ў тым, што план ўварвання уключаў у сябе вельмі шмат напрамкаў наступу, для якіх цяжка падтрымліваць лагістыку адначасова. У нейкім сэнсе, ссунуўшы фокус на Данбас, Расія змагла выправіць лагістыку.

Магчыма, яна стала лепшай проста за кошт памяншэння вобласці ваенных дзеянняў, але ўсё яшчэ можа мець істотныя недахопы.

— У сеціве шмат інфармацыі пра дрэнны рыштунак расійскай арміі — фатаграфіі пратэрмінаваных сухпайкоў і гэтак далей. Гэта так?

— Расійскія войскі не так ужо добра падрыхтаваныя. Напрыклад, яны да гэтага часу выкарыстоўваюць вельмі састарэлыя танкі Т-72. Яшчэ адна са слабасцяў [расійскага войска] у тым, што ў іх недастаткова прыбораў начнога бачання, асабліва ў асабовага складу. У цэлым магу выказаць здагадку, што рыштунак расійскага салдата супастаўны з рыштункам украінскага.

Яшчэ адна з праблем у арміі РФ, якая абмяркоўваецца, — гэта лініі камунікацыі. Яны не ў лепшым стане, яны не могуць эфектыўна выкарыстоўваць зашыфраваныя радыёперадачы. Акрамя таго, у Расіі практычна няма высокадакладнай зброі, так што бамбаванне адбываецца з выкарыстаннем некіраваных ракет. Іх трэба пускаць бліжэй да цэлі ў параўнанні з высокадакладнай зброяй, таксама іх прымяненне ўскладняе або затрымлівае правядзенне ваенных манеўраў. Узнікаюць пытанні, наколькі сучасна абсталяваныя войскі РФ і наколькі моцна абсталяванне войскаў NATO іх пераўзыходзіць.

— Заходнія чыноўнікі і СМІ кажуць, што 9 мая Расія можа пачаць мабілізацыю. Ці можа гэта змяніць ход канфлікту? Па вашай ацэнцы, ці дастаткова ў Расіі рэсурсаў, каб забяспечыць усіх навабранцаў зброяй і абмундзіраваннем?

— Мабілізацыя дазволіць Расіі працягнуць вайну, але незразумела, ці дапаможа яна ў наступальных аперацыях. Бо для іх патрабуюцца навучаныя вайсковыя падраздзяленні. [Пасля мабілізацыі] стане магчыма ўтрымліваць захопленыя тэрыторыі, выконваць працу ў тыле, але гэта не дазволіць выйграць вайну.

Пры гэтым я ўпэўнены, што ў Расіі ёсць неабходная зброя. Але ці хопіць добрага рыштунку, абутку? Акрамя таго, пытанне не ў тым, як шмат у Расіі танкаў, а як эфектыўна яны могуць іх выкарыстоўваць. Танкі гатовыя выехаць па першым клічы? Або для выезду ім спатрэбіцца некалькі тыдняў? Гэта незразумела. Таксама незразумела, з каго будзе складацца камандаванне [мабілізаванымі].

<…>

Падраздзяленні РФ не валодаюць вялікай колькасцю лёгкай пяхоты. У расійскіх атрадах назіраецца па два пяхотнікі на кожны транспартны сродак супраць належных пяці-шасці.

Гэта значыць, што калі вы трапляеце на тэрыторыю горада, то ўзнікае недахоп пяхоты для руху па вуліцах, а такім чынам праводзіць аперацыі ў гарадскіх зонах вельмі няпроста. Менавіта тут можа спатрэбіцца апалчэнне — каб забяспечыць войска лёгкай пяхотай.

— Гэта значыць, пехацінцы найбольш важныя падчас баёў у гарадах?

— Так, асабліва ў гарадах, але не толькі. Недахоп пяхоты павялічвае рызыкі для танкаў і іншай цяжкай тэхнікі. Пры наступе карысна размясціць пяхоту перад транспартнай адзінкай, каб абараняць яе. Інакш транспарт будзе вельмі ўразлівы для агню «Джавелінаў», NLAW, РПГ і іншых падобных сістэм.

Nashaniva.com