У ЗША лічаць, што сітуацыя вакол Украіны будзе ўрэгулявана дыпламатыяй
У ЗША на фоне расійска-ўкраінскай вайны зрабілі дээскалацыйную заяву.
10.05.2022 / 22:27
Злучаныя Штаты мяркуюць, што сітуацыя вакол Украіны будзе ўрэгуляваная з дапамогай дыпламатыі. З такой заявай выступіла ў аўторак на рэгулярным брыфінгу прэс-сакратарка Белага дома Джэн Псакі.
«Мы, зразумела, лічым, што гэта будзе ўрэгулявана з дапамогай дыпламатычнага працэсу, з дапамогай дыпламатычнага рашэння», — сказала афіцыйны прадстаўнік амерыканскага лідара, каментуючы сітуацыю вакол Украіны.
Гэтую заяву можна лічыць дээскалацыйнай, бо раней амерыканская адміністрацыя рабіла нашмат больш жорсткія заявы адносна Расіі.
Гэтаму папярэднічала дээскалацыйная заява Масквы, што ядзерны ўдар выключаны, а таксама абцякальная і нашмат менш агрэсіўная, чым чакалася, прамова Пуціна падчас параду 9 мая на Краснай плошчы ў Маскве. Многія чакалі, што Пуцін абвесціць мабілізацыю, ці канчаткова назаве «спецаперацыю» вайной, ці прыме так званыя «рэспублікі Данбаса» ў склад Расіі, але гэтага не здарылася.