«Што такое чыгунка?» Беларусы распрацавалі для ЗСУ тэст для выкрыцця расійскіх дыверсантаў з «беларускімі пашпартамі»
З пачаткам вайны Расія масава засылае ва Украіну дыверсантаў. Некаторыя з іх выдавалі сябе за беларусаў, якія беглі ад рэжыму. Вось як іх выводзілі на чыстую ваду.
12.05.2022 / 16:28
Фота: AP / Фэліпэ Дана
Пра апытанку, якая дапамагае вылічыць дыверсантаў, расказаў адзін з яе складальнікаў. Былы мінчук, ён жыве ва Украіне з 2003 года. Мужчына ўдзельнічаў у вайне яшчэ ў 2014-м. Цяпер служыць у тэрытарыяльнай абароне сваёй вобласці.
З пачаткам вайны Узброеныя сілы Украіны (ЗСУ) звярнуліся да беларусаў з просьбай скласці апытанку, якая дапамагала б выяўляць расійскіх шпіёнаў з беларускімі пашпартамі.
«З яе дапамогай можна зразумець, шпіён гэта ці сапраўдны беларус. У самой анкеце не толькі моўныя пытанні.
Напрыклад, чалавек кажа, што ён бег ад рэжыму, жыў у Мінску. Пытаемся у яго, дзе там Камароўскі рынак. Кожны беларус гэта ведае. З дапамогай такіх пытанняў і выкрывалі, што ён расіянін. І такіх выпадкаў вельмі шмат. Альбо пыталі, што такое чыгунка ці бульба.
Падобныя пытанні складзены і для тых, у легендзе каторых сцвярджаецца, што ён жыў у Брэсце ці Магілёве. Дыверсант з Расіі, канечне, на такія пытанні не адкажа», — расказвае мужчына. Аўтары тэсту з меркаванняў бяспекі не раскрываюць іншых пытанняў, якія ён утрымлівае.
Але расійскіх шпіёнаў выдаюць і іншыя дэталі.
Тыя, хто выдае ім дакументы, часам нават не ведаюць, што ў Беларусі няма губерній.
«У падробленым пашпарце бывае напісана, што ён выдадзены паліцыяй нейкай губерніі ці Полацкай вобласці. І тут памыляюцца нават два разы.
Саму апытанку часта выкарыстоўвае патруль. Напрыклад, яны ідуць па Львове, пытаюцца ў чалавека дакументы, а ён дае беларускі пашпарт. І тады яны па апытанцы праходзяцца. Калі чалавек адказвае, то пытанняў больш да яго няма.
Асабліва ў сакавіку мы шмат такіх дыверсантаў злавілі, калі была аблога Кіева. Яны здаваліся ў палон, казалі, што з Беларусі і што дакументы згарэлі. А потым выяўлялася, што гэта расійскі вайсковец».
Магчыма, менавіта праз такіх дыверсантаў з «беларускімі» пашпартамі і пайшлі чуткі, што ў Ворзелі пад Кіевам стаяў і беларускі аддзел.