Прыхільнікаў улады непакояць малыя заробкі, праціўнікаў — несвабода і рэпрэсіі — даследаванне
Колькі прыхільнікаў дзейнай улады сярод моладзі і што іх хвалюе? Ініцыятыва «Моладзевы блок» правяла даследаванне і падзялілася яго вынікамі.
13.05.2022 / 19:26
Анлайн-апытанне наконт палітычных поглядаў і каштоўнасцяў праводзілася з 16 красавіка па 5 мая. Анкета рэкламавалася праз сацыяльныя сеткі. У выніку ў даследаванні паўдзельнічаў 801 чалавек. Гэта моладзь ад 18 да 35 гадоў, з Мінска і рэгіёнаў, з розным узроўнем адукацыі.
Аднак аўтары даследавання адзначаюць, што тут менш прадстаўленыя жыхары сельскай мясцовасці і малаадукаваная моладзь. «Таму даныя могуць быць перакошаныя ў бок пратэсных настрояў. Параўнанне з вынікамі іншых даследаванняў дазваляе меркаваць, што гэты перакос можа скласці каля 15%», — пішуць аўтары.
Таму лепш успрымаць гэтае апытанне як вывучэнне настрояў гарадской адукаванай моладзі.
Што паказала даследаванне? Дзейную ўладу падтрымліваюць 17% апытаных. Давер да судовых органаў, міліцыі, дэпутатаў, войска, Праваслаўнай царквы — каля 10%.
Найбольш актуальнымі праблемамі моладзь лічыць парушэнне правоў чалавека, несумленныя выбары, палітычны крызіс у краіне і палітычны пераслед. Кожны з гэтых пунктаў адзначыла больш за 70% усіх апытаных. У пяцёрку таго, што хвалюе, уваходзіць таксама недастатковае развіццё беларускай мовы і культуры.
Аднак, калі глядзець у разрэзе прыхільнікаў дзейнай улады, то для іх найбольш востра стаяць пытанні маленькага заробку і цэн на прадукты. Гэтыя пункты адзначылі 69% апытаных з ліку прыхільнікаў дзейнай улады.
На апошніх прэзідэнцкіх выбарах галасавала 90% моладзі, на парламенцкіх і мясцовых — 31% і 24% адпаведна. Кожны чацвёрты з апытаных хадзіў на ўсе гэтыя выбары.
Цікава, што прыхільнікі ўлады актыўна галасавалі (самі ці па разнарадцы — пытанне, якое застаецца ў даследаванні за дужкамі) на парламенцкіх і мясцовых выбарах — там былі 62% і 42% апытаных гэтай катэгорыі. А вось праціўнікі цяперашняй улады наведвалі такія выбары ў два разы менш.
Найбольш вядомыя лідары ва ўсіх катэгорыях — Лукашэнка, Ціханоўская, Бабарыка, Ціханоўскі. Такую ж асобу, як, напрыклад, Качанава, сярод прыхільнікаў дзейнай улады ведае менш за палову (42%), тады як сярод праціўнікаў — 72%.
Пераважная большасць апытаных (77%) гатовыя ўдзельнічаць у палітыцы. Напрыклад, удзельнічаць у пікеце, падпісваць петыцыі, байкатаваць тавары. За такія формы ўдзелу выказалася больш за 50% моладзі.