Украіна перамагла на «Еўрабачанні», дзякуючы рэкорднай падтрымцы тэлегледачоў

Украінскія музыкі Kalush Orchestra перамаглі на «Еўрабачанні-2022» у італьянскім Турыне. Па выніках галасавання журы яны былі толькі 4-я, але атрымалі рэкордныя ў гісторыі конкурсу 439 балаў з 468 магчымых ад гледачоў. Прычым за Украіну ў гэтай дэманстрацыі салідарнасці галасавалі нават прарасійскія Сербія і Арменія.

15.05.2022 / 02:02

Хто як галасаваў?

Па выніках галасавання журы і гледачоў Kalush Orchestra атрымалі 631 бал. Ад гледачоў Украіна атрымала 439 балаў. Гэта найвялікшая колькасць глядацкіх балаў за ўсю гісторыю конкурсу.

Гледачы ўсіх краін-удзельніц прагаласавалі за песню Stefania. Сама Украіна не магла галасаваць за сваіх прадстаўнікоў.

Сербія дала 7 балаў. Мальта і Паўночная Македонія далі па 8 балаў. Грэцыя, Арменія, Албанія, Швейцарыя, Румынія, Чарнагорыя, Харватыя і Славенія далі па 10 балаў. Усе астатнія 28 краін далі Kalush Orchestra па 12 балаў.

Таксама Kalush Orchestra атрымалі па 12 балаў ад журы Польшчы, Літвы, Малдовы, Латвіі і Румыніі. Агулам прафесійнае журы дало ўкраінскаму гурту 192 балы. Па галасах журы Украіна займала б толькі 4-е месца.

Падтрымалі абаронцаў Марыупаля

У жывым эфіры «Еўрабачання» ўкраінскі гурт Kalush Orchestra заклікаў свет дапамагчы ўратаваць украінскі Марыупаль і яго абаронцаў.

«Mariupol, help Azovstal right now!» — сказаў фронтмэн гурта Алег Псюк пасля выступу.

Другое месца дасталася Вялікабрытаніі, трэцяе — Іспаніі.

Гэта трэцяя перамога Украіны на «Еўрабачанні». У 2004-м годзе перамогу здабыла спявачка Руслана, а ў 2016-м — Джамала.

Nashaniva.com