«Справу Аўтуховіча» будуць разглядаць унутры гродзенскай турмы
Учора да палітзняволенага фігуранта «справы Аўтуховіча» Уладзіміра Гундара ў турму трапіў адвакат, паведамляе дачка актывіста. Ён адчувае сябе добра і на здароўе не скардзіцца, перадае «Вясна».
15.05.2022 / 14:56
Мікалай Аўтуховіч ужо сядзеў у турме №1 у Гродне падчас ранейшага свайго зняволення
Вядома, што судовы працэс будзе праходзіць не ў будынку суда, а наўпрост у гродзенскай турме №1. Пасяджэнне пакуль не закрылі, але, каб трапіць на суд, трэба атрымаць дазвол ад начальніка турмы.
Справу будзе разглядаць суддзя Гродзенскага абласнога суда Максім Філатаў ужо 18 мая.
Нагадаем, Мікалая Аўтуховіча і шэраг звязаных з ім, на думку следства, людзей затрымалі яшчэ 1 снежня 2020 года. Улады адразу абвясцілі Аўтуховіча арганізатарам і кіраўніком «тэрарыстычнай групоўкі», якая нібыта падпальвала аўтамабілі і дамы супрацоўнікаў міліцыі.
Усяго па справе праходзяць 12 чалавек. Адзін з іх — Гундар, які мае інваліднасць, і 20 мая 2021 года асуджаны па арт. 366 КК да 3 гадоў калоніі.
Раней у турме ў Гомелі судзілі Сяргея Ціханоўскага і Мікалая Статкевіча.