ГУБАЗіК затрымаў уладальніцу бізнэсу. На відэа сілавікоў у яе рассечаная галава
Мяркуючы па сацсетках дзяўчыны, яе затрымалі 13 мая.
29.05.2022 / 23:30
Фота з сацсетак дзяўчыны
Сілавікі паведамілі пра затрыманне 36-гадовай Алены Жарынай. Ёй інкрымінуецца ўдзел у пратэстах у 2020 годзе, а таксама вывешванне сцяга ва ўласным доме — акурат насупраць БТ.
Алена валодае кампаніяй ameh.by, якая займаецца рэстаўрацыяй і шыццём мехавых вырабаў. У Інстаграм кампаніі ажно 16 тысяч падпісантаў.
Мяркуючы па відэа сілавікоў, у дзяўчыны рассечаная галава, а месца рассячэння заклеенае пластырамі. Не выключана, што яна атрымала траўмы падчас затрымання.
Згодна з допісам у лукашысцкім канале, ёй выстаўленае абвінавачанне па артыкуле 342 КК (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх).
«Наша Ніва» звязалася са знаёмымі дзяўчыны, каб даведацца, што здарылася з ёй, але не атрымалі адказ.