«Чому, пане, не на війні?» «Сакратарка Пуціна» парушыла маўчанне пасля вяртання з Лондана

Прыгожую гісторыю пра тое, якімі рознымі бываюць «простыя людзі», расказаў у сябе ў Фэйсбуку Зміцер Панкавец.

19.05.2022 / 12:16

«Пуцін, Гаага чакае цябе». Транспарант на будынку Віленскай мэрыі

«Чому, пане, не на війні?» — звяртаецца да мяне жанчына ў віленскім аўтобусе.

— Я беларус, а не ўкраінец, — машынальна адказваю.

Жанчына імгненна забывае на тэму вайны, пераходзіць на чысцюткую беларускую мову. І пачынае расказваць гісторыю сваёй сям'і: маці з Астравецкага раёна, далёкая сваячка Адама Мальдзіса.

Сама яна нарадзілася ў Вільні, цяпер жыве ў Коўне. Прыехала на хакейную гульню ўнука, а яны прайгралі. Сама сябе называе полькай з літоўскім грамадзянствам, розніцу між беларускай і польскай выдатна адчувае.

— Я во толькі прыляцела з Лондана ад дачкі. Яна мне купіла тур на чатыры дні ў Парыж. Уяўляеце, аўтобусам пад Ла-Маншам. У Лондане і Парыжы на ўвесь горад па адным украінскім сцягу вісіць, а ў нас паўсюль яны. Я ўжо ў мэрыю запісвалася на прыём з гэтым пытаннем, але мэр пабаяўся мяне прыняць.

Кажа, што яе тут лічаць «сакратаркай Пуціна». Хаця, маўляў, яна не за рускі свет, а вось яе спадарожнік — так. Паказвае на патлатага мастака, з якім разам едуць у музей на Лукішках.

— Чым вам Лукашэнка так не падабаецца ўсім?

— Бачылі, колькі людзей пратэставала супраць яго ў 2020?

— Усё бачыла, усё чытала. Ведаю вашых «Нехтаў», і не толькі. Але я супраць каляровых рэвалюцый. Ой, мы тут выходзім. Знайдзі мяне ў Фэйсбуку.

І ўсё на літаратурнай беларускай мове.

«Гэта Вільня, дзетка», — падсумоўвае Зміцер Панкавец.

Nashaniva.com