Чатыры гады калоніі прысудзілі жыхару Полацка за «абразы і паклёп» у дачыненні да Лукашэнкі і Ярмошынай

На закрытым пасяджэнні суда Наваполацка 20 мая вынесены прысуд жыхару Полацка Міхаілу Лабаню. Яго абвінавацілі ў паклёпе ў дачыненні да Лукашэнкі (ч. 1 арт. 367), абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368) і абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 Крымінальнага кодэкса), піша «Вясна».

20.05.2022 / 16:27

Суддзя Віталь Лапко прызнаў хлопца вінаватым і па сукупнасці пакаранняў канчаткова асудзіў да 4 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і штрафу ў памеры 100 базавых велічыняў.

«Абражаным» прадстаўніком улады, паводле нашых крыніц, была Лідзія Ярмошына, дзякуючы яе заяве спаганяецца і накладзены штраф. Рэзкія словы на яе адрас былі сказаныя ў жніўні 2020-га, затрыманы Міхаіл Лабань у снежні мінулага года.

Міхаілу Лабаню 39 гадоў, ён бацька двух дзяцей 14 і 1,5 гадоў, сам мае сур'ёзныя праблемы са здароўем.

Nashaniva.com